Я дзесяткi разоў рэпецiраваў яе, раiўся з аднакамернiкамi, што яшчэ трэба дапоўнiць да той прамовы, дапаўняў i быў гатовы ў любы момант выступiць з ёю. А ў судзе я раптам як анямеў, не змог напачатку вымавiць i слова. А потым i заплакаў, ненавiдзячы сябе за гэты плач, злосна выцiраючы рукавом слёзы, сцiскаючы зубы, намагаючыся не плакаць, супакоiцца i не могучы гэта зрабiць. Суддзi апусцiлi галовы, на мяне не глядзелi. I ўсё ж у рэшце рэшт я здолеў сказаць, што нiякi я не антысаветчык, не вораг савецкай улады, а запiс у дзённiку зрабiў пад уплывам прыгнечанага настрою.

- Хопiць, добра. Выйдзiце, калi ласка, - сказаў старшынствуючы.

Я выйшаў з такiм цяжкiм паганым настроем, так сябе лаяў за сваю слязлiвасць, што гатоў быў ударыцца галавой аб сценку.

Праз хвiлiн дзесяць мяне паклiкалi. Зайшоў, стаў, слухаю прыгавор. Яго прачыталi не ўвесь, а толькi рэзалюцыйную частку. "Хомчанку Васiля Фёдаравiча на аснове арт. 72 пункта А Крымiнальнага кодэкса БССР пазбавiць волi ў папраўча-працоўным лагеры тэрмiнам на чатыры гады i на тры гады паражэння ў правах пасля адбыцця пакарання".

- Колькi, чатыры гады? - не паверыў я пачутаму.

- Чатыры, - кiўнуў галавой старшынствуючы. - Прыгавор канчатковы i касацыi не падлягае.

- А я i не буду скардзiцца, - паспяшыў я запэўнiць суд.

Я быў рады i шчаслiвы, i радасць гэта, вядома ж, адбiвалася на маiм твары. Я адыходзiў i ўсмiхаўся, на развiтанне падзякаваў суддзям.

Усяго толькi чатыры гады! А не восем, не дзесяць. У мяне пела душа. Я пахвалiўся мiлiцыянеру, якi павiнен быў адвесцi мяне ў турму, пра гэтыя чатыры гады i гатоў быў хвалiцца ўсiм стрэчным.

- Пашанцавала, - згадзiўся мiлiцыянер.

Iшлi мы з гэтым мiлiцыянерам, маладым вясковым хлопцам, пешшу i не так, як патрабуецца iнструкцыяй: ён - ззаду, а я ўперадзе, а побач, плячо ў плячо. Нiхто са стрэчных i не здагадваўся, што мiлiцыянер канваiруе мяне.

Праходзячы мiма хлебнай крамы, я мiжволi прыпынiўся - хлебны дух ударыў мне, галоднаму, у ноздры так, што галава закружылася.



12 из 125