Я адразу зразумеў, якая небяспека навiсла нада мной. Усё, канец маёй вучобе, пiянерыi, i мяне пасадзяць у турму. Нiчога не прыбаўляю, я забаяўся турмы па-сапраўднаму, асаблiва калi нейкi раённы энкавэдыст выклiкаў мяне ў кантору сельсавета i ўсё дапытваўся, хто мяне навучыў назваць так газету. Ён мне тады i растлумачыў, што за антысавецкую дзейнасць нясуць крымiнальную адказнасць з чатырнаццацi гадоў. А мне ўжо было столькi.

Абышлося, на шчасце, лёгка. Абмеркавалi мяне на класным сходзе i занеслi маё прозвiшча на ганебную чорную дошку, дзе яно красавалася тыднi два. Былi тады такiя метады выхавання - чырвоная i чорная дошкi. Перадавiкоў заносiлi на першую, адстаючых або тых, хто правiнiўся, - на чорную.

Турму я на гэты раз абмiнуў.

У турму я трапiў праз чатыры гады, у той страшны, невядомы дагэтуль у цывiлiзаваным свеце тэрор - у трыццаць сёмым годзе. Сталiнскi тэрор знiшчаў мiльёны людзей сумленных, працаздольных, творчых. Знiшчаў фiзiчна i душыў маральна ўсё жывое, iнiцыятыўнае, разумнае. Прыкрываўся гэты тэрор шырмай Канстытуцыi, якая па вонкавых прыкметах была бадай цi не самай дэмакратычнай Канстытуцыяй у свеце. I за яе шырмай, за яе частаколам з калючага дроту пакутавалi i гiнулi мiльёны бяспраўных.

Я вучыўся на чацвёртым курсе рабфака пры Беларускiм унiверсiтэце. Жыў у iнтэрнаце на Нямiзе, 21. Жыў па-студэнцку ў нястачах, не кожны вечар клаўся спаць павячэраўшы. З дому дапамогi не было. Ды i адкуль яна магла быць, калi бацькi-калгаснiкi, лiчы, прыгонныя, нiчога з калгаса не атрымоўвалi, працаднi iх былi пустыя. I калгас не кiнеш, не паедзеш на заробкi, бо пашпартоў калгаснiкам не давалi.

Аднойчы атрымаў ад бацькi лiст. Ён скардзiўся, што зноў у калгасе атрымалi на працаднi грамы. З грашовым падаткам не разлiчыўся, здаў толькi мяса, малако, воўну. "Можа б, ты, сынок, памог мне грашыма, каб той падатак заплацiць", - папрасiў бацька. Значыць, у яго ўжо не было нiякага выхаду, раз звярнуўся да мяне з такой просьбай-мальбой. Гэта была адчайная просьба.



4 из 125