
Не пераставаў я пiсаць апавяданнi i вершы i ў час вучобы на рабфаку. Напiсанае заносiў у розныя рэдакцыi, сачыў за лiтаратурным жыццём рэспублiкi, наведваў i сходы ў Саюзе пiсьменнiкаў. Пазнаёмiўся з Эдуардам Самуйлёнкам, Пятром Глебкам, Алесем Якiмовiчам, супрацоўнiкам газеты "Лiтаратура i мастацтва" Пятром Хатулёвым. Меў добрую гаворку аднойчы са мной Мiхась Лынькоў. I вёў дзённiк, куды запiсваў пра ўсе гэтыя сустрэчы i гаворкi.
Запiсаў у той дзённiк i пра бацькаў лiст. Апiсаў яго змест i ад сябе дадаў заключную фразу: "I ўсё гэта адбываецца пад шчаслiвым сталiнскiм сонцам". Фразу для сябе пагiбельную.
Ва ўсе часы тэрору быў разгул даносчыкаў, паклёпнiкаў, калi адной заявы-даносу хапала, каб доля чалавека была вырашана - яго арыштоўвалi. Сталiнскi тэрор i яго законы былi страшней нават тэрору iнквiзiцыi. Тады для асуджэння чалавека было мала заявы аднаго сведкi-даносчыка, а патрабавалася тры сведкi. Даносчыкi i сексоты пры Сталiне мелiся ў кожнай арганiзацыi, брыгадзе, класе, у ротах, узводах, на кафедрах, ва ўсiх аддзелах, камiтэтах. Даносчыкi i старалiся, бо за iмi назiралi iншыя даносчыкi. Якi жах панаваў тады сярод людзей, як баялiся начэй - часу арыштаў! Пра гэта напiсана i расказана нямала.
Мелiся такiя даносчыкi i ў нашым iнтэрнаце, у тым лiку i ў нашым пакоi, дзе месцiлася пяць студэнтаў. Ён, той даносчык, залез у мой чамадан, прачытаў дзённiк, знайшоў пра тое "шчаслiвае сталiнскае сонца" i паслаў заяву-данос у так званыя органы.
Нiколi не забуду вечара i ночы з чацвёртага на пятага красавiка трыццаць сёмага года. Я прыйшоў з заняткаў нейкi прыгнечаны, як бы адчуваў бяду. Прылёг на ложак i ўзяўся дачытваць раман Мiкалая Вiрты "Адзiноцтва" пра сялянскае паўстанне супраць ваеннага камунiзму на Тамбоўшчыне. Заставалася прачытаць да канца старонак пяць, i я заснуў iмгненна i глыбока, выпусцiўшы з рук кнiгу сабе на грудзi. Разбудзiў мяне штуршок у плячо. Я расплюшчыў вочы i застыў ад страху: перада мной стаялi два энкавэдысты.
