Адзiн адразу ж палез у споднюю кiшэню майго пiнжака, дастаў адтуль мой пашпарт, студэнцкi бiлет, другi энкавэдыст паляпаў па кiшэнях штаноў - праверыў, цi няма зброi. Энкавэдысты паказалi мне ордэр на вобыск i арышт i ўзялiся правяраць усё ў маiм чамадане i ў тумбачцы. Вобыск скончылi адразу, як толькi знайшлi дзённiк. Больш шукаць нiчога не сталi. Я ўспомнiў запiс у дзённiку пра бацькаў лiст i пра "шчаслiвае сталiнскае сонца" i зразумеў, што гэта i будзе маёй вiной i маёй бядой.

Усе насельнiкi пакоя сядзелi на сваiх ложках. Я зiрнуў на кожнага i зразумеў, хто з iх данёс на мяне. I, як потым выявiлася, я не памылiўся.

Уражаны, узрушаны такой нечаканай бядой, я ўсё яшчэ не верыў, што гэта адбываецца са мной, што мяне зараз павядуць у турму. Мяне пачалi бiць нервовыя дрыжыкi, трэслася нага. Каб схаваць гэта i ўцiшыць дрыжыкi, я паклаў нагу на нагу i сцiскаў iх, сцiскаў... Хоць не курыў, папрасiў у каменданта iнтэрната, якi там жа прысутнiчаў, закурыць. Той спытаў дазволу ў сяржанта-энкавэдыста, працягнуў мне "беламорыну" i чыркнуў запалкай. Я зацягнуўся дымам на поўныя грудзi, задыхнуўся, закашляўся, але курыць не кiнуў. Ад курэння дрыжыкi спынiлiся. Я крыху паспакайнеў, спакойна распiсаўся ў пратаколе вобыску, спакойна сабраўся - узяў ручнiк, мыла, зубную шчотку, парашок. Усё астатняе кнiгi, канспекты, рукапiсы апавяданняў - засталося ў iнтэрнаце.

Вялi мяне з Нямiгi на вулiцу Ўрыцкага пехатой - шлях недалёкi. Была ноч зорная, на зямлю прыпаў марозiк, лёгкi, прыемны, вясеннi, дыхалася лёгка, пахла вясной - тымi самымi пахамi, якiя адчувальныя ў любым стане i настроi, у любым месцы, нават у горадзе: размоклай карой дрэў, леташняй апалай лiстотай, расталым снегам. Адзiн сяржант iшоў уперадзе, другi - ззаду мяне. Той заднi i загадаў трымаць рукi за спiной; я i трымаў iх так, сашчапiўшы пальцы. Марозiк зацягнуў лужынкi, яны трашчалi пад нагамi ледзянымi асколачкамi, разляталiся, як шкельцы, ззяючы ад святла вулiчных лiхтароў i зорак на небе. Звон лядку напомнiў мне дзяцiнства, калi я любiў вось так трушчыць са звонам замёрзлыя лужынкi.



6 из 125