Праз жалезныя вароты вялiкага дома камiсарыята ўнутраных спраў (ён i цяпер стаiць на тым месцы) завялi мяне ў двор, потым у нейкi пакой, дзе абшукалi ўжо ўсяго, старанна прамацаўшы кожны шоў у адзеннi, адтуль уштурхнулi ў падвальную камеру з акенцам пад самай столлю, якое выходзiла на вулiцу Ўрыцкага на ўзроўнi тратуара. Усцяж тых закратаваных вокнаў дзень i ноч хадзiў вартавы з вiнтоўкай - круглыя суткi былi чуваць яго крокi i стук прыклада аб тратуар.

У камеры было, здаецца, дзесяць чалавек, сярод iх паэт-маладняковец Янка Тумiловiч, Масей Сяднёў - студэнт педiнстытута, таксама паэт i мой зямляк з Касцюковiцкага раёна. Былi там яшчэ iнжынер Блохман, прафесар-географ, здаецца, прозвiшча яго Лойка. Пазней завялi Янку Нёманскага - пiсьменнiка, акадэмiка.

Пра ўсiх iх я пiсаў у сваiх успамiнах раней i цяпер асаблiва не затрымаюся. Адно скажу, што ў гэтых людзей я быў проста ўлюблёны, у людзей эрудыраваных, адукаваных. Я слухаў iх, як кажуць, з разяўленым ротам, запамiнаў кожнае слова, асаблiва Нёманскага. I многiя вершы Сяднёва i Тумiловiча запомнiў. Масей Сяднёў жыве цяпер у ЗША. Летась ён гасцiў у мяне. З яго творчасцю нашых чытачоў пазнаёмiлi "Маладосць", "Полымя", "Лiтаратура i мастацтва" i iншыя выданнi. У Менску запланавана выдаць яго кнiгу вершаў i прозы. Пры сустрэчы мы прыпомнiлi яго вершы, жарты, эпiграмы на аднакамернiкаў, напiсаныя там жа, у турме. Вось, напрыклад, яго эпiграма на Блохмана:

И говорю я без укора

Не посади тебя в подвал.

Из исторической Дукоры

Ты всем бы миром управлял.

Блохман быў родам з мястэчка Дукоры.

Як дапытвалi нас, а допыты былi толькi начамi, як каго катавалi, я раскажу нiжэй у асобных абразках-успамiнах. Больш за ўсiх у той час даставалася Нёманскаму. Пры мне яго аднойчы з допыту прывялi пад рукi - сам ён дайсцi не мог.



7 из 125