Прыгадваючы цяпер, якi лёс каго напаткаў з тых насельнiкаў камеры, я з жахам хапаюся за галаву: засталiся жывымi толькi мы двое - я i Масей Сяднёў. Астатнiх каго расстралялi, а хто застаўся ў вечнай калымскай мерзлаце.

У мяне было некалькi следчых. Запомнiўся Слукiн. Хто ведае, можа, у пэўных нармальных абставiнах ён i быў бы справядлiвым чалавекам. Але ж у яго была страшная па тым часе служба - следчы НКУС. Ад яго патрабавалi тэмпаў следства i як можна больш скончыць спраў. Мяне ён не бiў, не мучыў, не здзекаваўся, я быў для яго дробнай сошкай, мальком, як тады называлi нязначных падследных. Ён, канечне, вёў справы адначасова i на iншых арыштаваных, i, кажуць, iм ад яго даставалася. Як i ўсiх, мяне ён выклiкаў толькi ноччу. Увесь допыт круцiўся вакол запiсу ў дзённiку. Слукiн лiчыў, што гэта паклёп на савецкую ўладу i на калгасны лад, i прымушаў мяне прызнацца, што я наўмысна гэта рабiў. Я спрабаваў растлумачыць сэнс запiсанага iнакш i гаварыў Слукiну, што мы сапраўды жывем пад шчаслiвым сталiнскiм сонцам, але ж сям-там, дзе кiруюць калгасамi розныя п'янiцы, ёсць i беспарадак i беднасць. I вось каб таварыш Сталiн даведаўся пра тых кiраўнiкоў, iм бы непаздаровiлася. Слукiн мае тлумачэннi не запiсваў i ўсё паўтараў: "Ты махровы контрык, антысаветчык, хоць i малады, не хочаш перад органамi раззброiцца..." Гаварыў ён гэта хутчэй механiчна, бо трэба ж было ў час допыту нешта гаварыць.

Ах, Слукiн, Слукiн, цi мог ты тады ведаць, чым твая служба скончыцца? Праз два гады цябе самога арыштуюць, будуць гэтак жа называць антысаветчыкам, а потым павязуць у лес i расстраляюць.

Мой арышт i знаходжанне ў турме выпалi на самы пiк тэрору. Колькi сумленных людзей сядзела ў падвалах i знiшчалася! Цi ж можна iх усiх успомнiць? Дзе дастаць дакладныя лiчбы расстраляных? "Хотелось бы всех поименно назвать, да отняли список и негде узнать..." - напiсала некалi Ганна Ахматава.

Iнтэлектуалы - вучоныя, пiсьменнiкi, iнжынеры - самая "выбiтая" катэгорыя прафесiй. Думаю, што разгадка гэтаму простая - вярхоўнаму кату i яго падручным важна было ў першую чаргу пазбавiць народ яго самасвядомасцi, яго розуму. "Мы дурных не бяром, - гаварылi следчыя, - разумных бяром, яны самыя небяспечныя".



8 из 125