Зусiм мiжволi шукаў вачамi першую зачэпку; было ўсё ясна. Адным доўгiм, дакладным скачком можна было пераскочыць шчылiну i адразу апынуцца на невялiкiм, але ёмкiм выступе; пасля без усякага сумнення патрэбна было рухацца наўскасяк, уздоўж правiльнай геаметрычнай формы трэшчыны, якая крыху вышэй паглыблялася i станавiлася неглыбокай цяснiнай. Не ведаючы толкам, навошта ён гэта робiць, Пiркс падняў iндыкатар, выцягнуўся як толькi мог i паднёс яго да каменнага выступу на другiм баку шчылiны. Слухаўка адгукнулася. Для пэўнасцi Пiркс паўтарыў гэту аперацыю яшчэ раз, з цяжкасцю трымаючы раўнавагу, бо мусiў адхiляцца ад сцяны як мага больш, i зноў пачуў кароткi пiск. Цяпер ён ужо не сумняваўся. Вярнуўся да Масены i Круля.

- Анэль пайшоў наверх, - спакойна сказаў Пiркс, паказваючы на каменны слуп.

Круль, здавалася, не зразумеў, а Масена паўтарыў:

- Пайшоў наверх? Навошта? Дзеля чаго наверх?

- Не ведаю. Туды вядзе след, - адказаў Пiркс з прытворнай абыякавасцю.

Масена быў схiльны лiчыць, што Пiркс памылiўся, але адразу ж сам пераканаўся, што гэта праўда. Анэль адным шырокiм крокам пераскочыў праз шчылiну i пайшоў уздоўж каменнага завалу - кiраваўся на слуп. Узнiкла збянтэжанасць. Круль лiчыў, што пасля таго, як замеры былi зроблены, робат, вiдавочна, з-за нейкiх непаладак распраграмаваўся; Масена заставаўся пры думцы, што гэта немагчыма, бо Анэль пакiнуў усе апараты i рукзак зусiм так, нiбы абдумана рыхтаваўся да цяжкага ўзыходжання, i, значыць, нешта павiнна было прымусiць яго зрабiць менавiта так.

Пiркс маўчаў. Ён вырашыў, што пойдзе на слуп, нават калi б нiхто з iх не пайшоў разам; Круль усё роўна не мог бы iсцi, бо гэта патрабавала альпiнiсцкiх навыкаў, i не абы-якiх. Ад Масены ён чуў яшчэ раней, што той хадзiў многа i, здаецца, нядрэнна ведаў тэхнiку ўзыходжання на круках; i калi настала маўчанне, Пiркс проста сказаў, што мае намер iсцi - цi гатовы Масена стаць яго спадарожнiкам?



20 из 31