Нахiлiўшыся над сталом, чыноўнiк уважлiва паглядзеў на сяржанта.

- Я хачу ў вас спытацца.

- Калi ласка.

- Вам нiколi не здавалася, што вы Iсус Хрыстос?

- Не прыгадваю. Але я заўсёды лiчыў, што Бог абышоўся са мной па-чалавечы i дапамог зрабiць адкрыццё. Вы гэта мелi на ўвазе?

Чыноўнiк палез у кiшэню i выцягнуў дарагую шарыкавую ручку з каўпачком, зробленым з кулi. Ён пакруцiў ручку i пачаў запаўняць форму.

- Перадайце, калi ласка, вось гэта доктару Мэт'юду для поўнага агляду. Не тое, каб я падазраваў нешта сур'ёзнае. Зразумейце правiльна. Цi не адчуваеце вы, што вам сапраўды варта пабываць у доктара?

- Такiм чынам, вы думаеце, што маё вынаходнiцтва - фантазiя? - сказаў сяржант. - Гэта не так. Вынаходка малая, яна лёгка змесцiцца ў пачку ад цыгарэт. Дзеянне ж яе распаўсюджваецца на дзевяцьсот мiль. За некалькi дзён я аб'еду ўсю краiну з апаратам, настроеным на пэўны метал. Другiя дзяржавы не паспеюць выкарыстаць сваю перавагу, бо самi застануцца без зброi, як толькi наблiзяцца да нашых гранiц. Потым я палячу ў Эўропу. Роўна праз месяц у гэты ж самы дзень свет назаўсёды пазбудзецца страху вайны. Не ведаю, як я i прыдумаў усё гэта. Неверагодна. Гэтак жа неверагодна, як атамная бомба. Цэлы месяц я чакаў, абдумваў усё як след. Мне таксама прыходзiлi думкi пра чарапаху без панцыра. А цяпер я рашыў. Наша гутарка пераканала мяне. Нiхто не верыў, што ўзляцяць самалёты, нiхто не верыў, што выбухне атамная бомба, i нiхто не верыць, што калi-небудзь будзе мiр. А ён будзе.

- Перадайце доктару Мэт'юду гэту паперу, - заспяшаўся Чыноўнiк.

Сяржант устаў.

- Значыць, вы рашылi не пасылаць мяне ў новую Зону?

- Не тое каб рашыў. Пачакаем, што скажа доктар Мэт'юд.



3 из 5