Надвор'е было пахмурнае, i вада ў возеры здалася яшчэ больш цёмнай. Я добра плаваў i не баяўся нi глыбiнi, нi вiроў. А тут мне раптам стала страшнавата. Падумалася, што гэта проста багнiстае балота, дно якога ўсцiлае звычайны тарфяны пласт. Але менавiта таму, што адчуў страх, няўпэўненасць, я прышпiлiў балоны з паветрам, надзеў маску i падышоў да вады. Глеба пад нагамi была мяккая, як дыван, - прыбярэжнае дно было пакрыта мохам. Ногi не правальвалiся, i я ўжо больш упэўнена пакрочыў далей.

Так, у чорным колеры вады было, напэўна, вiнавата дно, бо сама вада мела зусiм нармальны выгляд, з-пад маiх ног i рук выляталi шматлiкiя празрыстыя пырскi. Можна было вяртацца дадому. На ўсякi выпадак я яшчэ прайшоў далей, каб павярнуць i адтуль паглядзець на неба, i раптам паслiзнуўся i правалiўся некуды ўнiз. Я паспеў толькi ўбачыць зацягнутае хмарамi шэрае неба, яно чамусьцi вiднелася крыху ў баку ад мяне, а яшчэ праз iмгненне ўсё наўкол ахутала цемра. Дзiўна, але гэта адразу супакоiла мяне. Цемра ж была маёй мэтай. Я паварушыў рукамi, адчуваючы, што цела падпарадкоўваецца мне, i, значыць, варта толькi захацець, я магу адразу вярнуцца. Да таго ж у мяне на спiне мiж балонаў з паветрам быў маленькi водаструменны рухавiчок. На крайнi выпадак я мог скарыстаць яго.

Пад вадой, напэўна, была плынь. Я адчуваў, што мяне павольна цягне некуды далей. Але лiхтарык не ўключаў: мне патрэбна была толькi цемра, а ўсё астатняе не мела значэння. Мне здавалася, што я зусiм не ў вадзе, а ў прасторы. Цела было лёгкае, нiбы бязважкае. Я мог ляжаць, распластаўшы рукi, даць нырца, узляцець угару. Мне падабаўся мой стан, i толькi было шкада, што вакол не вiдно сузор'яў. Без iх не было сапраўднага космасу.

Але i цемра падманула мяне. Вочы хутка прызвычаiлiся, i тады я заўважыў, што палосы дзённага святла прабiваюцца праз вадзяную тоўшчу i даходзяць сюды, выклiкаючы да жыцця ценi водарасцяў i рыб. Аднак над галавой святла не было. Гэта азначала толькi адно: значная частка возера знаходзiлася пад зямлёй.



4 из 9