
Пакуль я раздумваў, цi не пара вяртацца, мяне аднесла да берага. Ён быў камянiсты, гладкi, як сцяна. Памацаўшы яго рукамi i не знайшоўшы нiчога адметнага, я адштурхнуўся i павярнуў назад. Але не паспеў праплысцi якiх дзесяць крокаў, як зноў апынуўся на старым месцы. Цi то плынь аказалася мацнейшая, чым я разлiчваў, цi з напрамку збiўся. Пад рукамi, здалося, была тая ж самая гладкая каменная глыба. Каб дарэмна не плутаць, прыйшлося запалiць лiхтар.
Абрысы навакольных прадметаў былi няпэўныя, хiсткiя. Але чым больш я ўглядаўся ў iх, тым мацней мяне ахоплiвала здзiўленне. Падводныя скалы нагадвалi... дом. Час i вада разбурылi яго. Засталiся толькi рэшткi сцен з проймамi акон i дзвярэй.
Напэўна, затопленым аказаўся цэлы пасёлак. Побач з гэтым домам былi яшчэ збудаваннi. Такiя ж старыя, аблепленыя водарасцямi i ракавiнамi. Час не пашкадаваў гэта былое чалавечае жытло. У дамах не засталося нiчога з прадметаў або мэблi. Вiдаць, гэта быў век, калi людзi яшчэ не ўмелi рабiць сабе прылады з жалеза, а карысталiся драўлянымi i касцяным! рэчамi. Гэта, праўда, не надта адпавядала архiтэктуры збудаванняў. Але тады мне было не да грунтоўнага аналiзу i вывадаў.
Я пашукаў якiх-небудзь рэчаў - не вяртацца ж назад з пустымi рукамi, я абходзiў адзiн пакой за другiм, разграбаў глей пад нагамi, мацаў сцены. Нiчога не было.
Нарэшце мне надакучыла гэта блуканне, дый першы балон з паветрам апусцеў. Я рашыў вяртацца i проста так, у апошнi раз, правёў промнем лiхтарыка па сцяне, што стаяла на маёй дарозе. Чорныя, замшэлыя каменнi. I раптам сярод iх нешта блiснула.
Мне здалося, што гэта быў лiсцiк серабрыстай таполi, якiх шмат расло на беразе. Ён патануў i зачапiўся за каменны абломак. Яго знаходжанне тут было да таго неверагодным, што я не ўтрымаўся i памацаў лiсцiк. Ён варухнуўся, як на галiнцы, - яго ножка якiмсьцi чынам трапiла мiж каменняў - i зноў вярнуўся на сваё ранейшае месца. Але гэта быў не сапраўдны лiсцiк. Пальцы выразна адчулi метал. Было толькi дзiўна, што нi вада, нi час не адбiлiся на гэтым метале. Колькi я нi круцiў лiсцiк - не заўважыў на iм нiводнай плямкi. Такую знаходку варта было паказаць хлопцам.
