
Ужо бралася на вечар, калi я вярнуўся ў iнтэрнат. Як на тое, у калiдоры носам к носу сутыкнуўся з настаўнiкам. З iм былi Сашка i Мiшка.
- Дзе ты прапаў? - закрычаў Сашка.
I я ўспомнiў, што ў нас у гэты час лабараторныя заняткi па фiзiцы. Мне стала няёмка перад настаўнiкам.
- Iдзi паеш, - спынiў мяне настаўнiк, калi я пачаў быў апраўдвацца, потым раскажаш.
Я ўзлаваўся на сяброў: вось балбатуны, трэба было iм гаварыць, дзе я! Цяпер прыйдзецца, можа, яшчэ цэлы даклад рабiць, а я ж па сутнасцi нiчога не ведаю. Нi пра возера, нi пра рэшткi таго паселiшча.
Але я памылiўся. Настаўнiк да майго расказу паставiўся зусiм спакойна, а выслухаўшы, сказаў:
- Iдзi ў лабараторыю.
Толькi адышоўшы, я ўспомнiў, што забыўся паказаць яму лiсцiк. Аднак не вяртацца ж назад, я i без таго пазнiўся.
Сашка з Мiшкам корпалiся ля тэлепрыёмнiка з электроннай аўтаматычнай настройкай. Гэта была наша навiнка. Прыёмнiк мог не рэагаваць на самыя моцныя сiгналы, калi яны не адпавядалi зададзенай праграме па тэме. З мiльёнаў перадач ён павiнен быў выбiраць толькi тую, якая нам патрэбна, Мiшка нават сумняваўся, цi прыме настаўнiк па фiзiцы нашу работу. Такi тэлепрыёмнiк, сцвярджаў Мiшка, больш падобны на кiбернетычнага робата. Мне ж з Сашкам такое спалучэнне прыёмнiка i робата спадабалася. Праца наша падыходз'iла к канцу. Заставалася, уласна, адрэгуляваць блок настройкi. Калi я ўвайшоў, Сашка якраз гэтым i займаўся. Блок быў падключаны да прыборнага шчытка, дзе ўсе дадзеныя абагульнялiся i ў выглядзе спакойнай хвалепадобнай лiнii клалiся на доўгую папяровую стужку асцылографа.
- Гатова? - спытаў я, нахiлiўшыся да Сашкi.
