
- Нiчога новага, альбо Што забiла сабаку? - Сал паглядзела бацьку ў твар.
- Гэта будзе гучаць на пахаваньнi Дога, - сказаў ён.
- Ты гэта несур'ёзна? - паспадзявалася Рут Бэнтлi.
Зазьвiнеў званок у дзьвярох.
- Вiдаць, гэта людзi з Могiлак Хатнiх Улюбёнцаў прыйшлi забраць Дога?
- Не! - загаласiла Сузан. - Ня так хутка!
Несьвядома сям'я сфармавала сьцяну памiж сабакам i гукам званка, што клiкаў на той сьвет.
Пасьля яны плакалi. Яшчэ раз.
Дзiўным i цудоўным здарэньнем на хаўтурах стала тое, як шмат прыйшло людзей.
- Я ня ведала, што Дог меў так шмат сяброў, - гучна залiвалася Сузан.
- Ён валацужыў па ўсiм горадзе, - сказаў Роднi.
- Гавары прыязна пра памерлага.
- Добра, але ж так было, халера. Iнакш, чаму Бiл Джонсан тут, i Герт Скал, i Джым, якi жыве праз дарогу?
- Дог, - сказаў Роджэр Бэнтлi, - я так хачу, каб ты мог бачыць усё гэта!
- Ён жыве. - Вочы Сузан перапаўнялiся сьлязьмi. - Ён паўсюль.
- Добрая дарослая Сузан, - шаптаў Роднi, - якая плача над тэлефоннымi даведнiкамi...
- Заткнiся! - крычэла Сузан.
- Цiшэй. Абое.
I Роджэр Бэнтлi скрануўся, вочы долу, наперадзе маленькай труны, у якой ляжаў Дог. Галава на лапах, у скрынi не задарагой i не затаннай, акурат.
Роджэр Бэнтлi апусьцiў сталёвую голку на чорную кружэлку, устаўленую ў размаляваны ў луску партатыўны фанограф. Голка скрыпнула й засычэла. Усе ўдзельнiкi нахiнулiся наперад.
- Нiякiх пахавальных сьпiчаў, - сказаў хутка Роджэр. - Толькi гэта...
Як i дзень назад, голас расказваў гiсторыю пра чалавека, якi вярнуўся з вакацыяў, каб спытацца ў сябра пра здарэньнi ў часе ягонай адсутнасьцi.
Выглядала на тое, што нiчога асаблiвага не здарылася.
А, толькi адна рэч. Усiм было цiкава, што забiла сабаку.
Сабаку? - спытаўся адпускнiк. - Мой сабака памёр?
