
- У жыццi было нямала выпадкаў, калi космас пакараўся юным!
Гэта было прыгожа сказана. Але ў мяне асабiста не было ўпэўненасцi, што так здаралася на самай справе. Як нi кажыце, а ў космас адпраўляюць толькi дарослых. Бо трэба спачатку школу скончыць, i спецыяльнасць набыць, i падрыхтоўку прайсцi. Цi ж мала гадоў на гэта пойдзе? Канечне, i мне i Сашку не хочацца чакаць, пакуль мы вырасцем. Гэта ж калi яшчэ будзе!.. Аднак ёсць на свеце рэчы, якiя, на жаль, ад нас не залежаць. I я падумаў, што Сашка дарэмна зрабiў гэты свой выпад.
А Сашка падышоў да настаўнiкавага стала i нацiснуў кнопку. На вокны апусцiлiся чорныя шторы. У класе на секунду стала цёмна. Мы не паспелi нават крыкнуць Сашку, каб ён не дурэў, як засвяцiўся экран. На гэтым экране кожны вучань можа пiсаць, чарцiць схемы, застаючыся за сваёй партай.
Я падумаў, што Сашка вернецца зараз да сваёй парты i намалюе нейкую iлюстрацыю да даклада. Але я памылiўся. Сашка мiнуў сваю парту i падышоў да праекцыйнага апарата, нешта ўставiў туды, пакруцiў, i экран ажыў. Мы ўбачылi рубку касмiчнага карабля, цэнтральны пульт, над якiм схiлiўся пажылы сiвы чалавек, а побач з iм стаяў... хлопчык. Яму было крыху меней, чым нам, гадоў дзесяць або адзiнаццаць.
З нашых грудзей вырваўся дружны ўздых захаплення i, напэўна, зайздрасцi. Бо аб тым, што выпала гэтаму хлопчыку, мы не асмельвалiся нават марыць уголас, калi збiралiся каля сваёй таполi.
- Цiшэй вы! - крыкнуў Сашка. Ён назваў экспедыцыю, зорку, ля якой яна пабывала, год, калi вярнулася на Зямлю. Напэўна, гэта былi цiкавыя звесткi. Але для мяне iх у той час быццам не iснавала. Я не мог адарваць вачэй ад маленькага касманаўта. Я ўявiў сябе на яго месцы, i ў грудзях зрабiлася горача.
Праз iмгненне я адчуў, што нечага не разумею. У рубцы шмат прыбораў, на экранах свецяцца чужыя зоркi, у тэлескоп, напэўна, можна ўбачыць i планеты гэтых зорак. А хлопчык нiбы нiчога гэтага не заўважае. Ён пазiрае некуды ўбок, i ўся яго фiгура выказвае пакорлiвую цярплiвасць. Можа, ён хворы?
