Тым часам Сашка скончыў сваё выступленне. Ён зноў падышоў да стала настаўнiка, нацiснуў кнопку. Шторы папаўзлi ўверх. У клас хлынула вясёлае сонечнае святло.

- Ты больш нiчога не дабавiш, Саша? - спакойна, як заўсёды, калi мы, на яго думку, сказалi не ўсё, што павiнны былi сказаць, спытаў настаўнiк.

- Было мала часу, каб дакапацца ў архiве да далейшых падзей. Але ўпэўнены, што хлопчык, калi вырас, стаў славутым касманаўтам, лепшым за iншых. У яго ж такая практыка!

Мы чакалi, што настаўнiк зараз паставiць адзнаку i выклiча наступнага. Мы памылiлiся.

Настаўнiк нечакана папрасiў:

- Уключы, Саша, праектар, - а сам зацямнiў клас.

На экране зноў з'явiлася рубка зоркалёта, штурман i хлопчык.

Нейкi час настаўнiк маўчаў. А калi загаварыў, у класе адразу стала цiха, аж да звону ў вушах.

- У той час, калi хлопчык пачаў помнiць сябе, - гаварыў настаўнiк, "Алтай" вяртаўся ў Сонечную сiстэму. Да дому заставалася шэсць незалежных гадоў. Для вас гэтыя словы "незалежныя гады" - нiбы музыка. Яны ж ужываюцца толькi ў прасторы, дзе вакол гараць незнаёмыя зоркi, iснуюць невядомыя планеты, дзе можна чакаць сустрэчы з чужымi цывiлiзацыямi. Усё гэта iснуе i для касманаўтаў. Але для iх акрамя гэтага яшчэ ёсць i час. Той самы, незалежны, у адной назве якога крыецца ўсё. Яго нельга нi паскорыць, нi замарудзiць. Ён такi, якi ёсць.

Гэта ведалi дарослыя. А хлопчыку тады было яшчэ ўсё роўна. Яму на караблi было цiкава ўсё: i як самi па сабе адчыняюцца дзверы, варта толькi падысцi да iх, i як робат-нянька ходзiць за iм следам, не даючы забрацца па лесвiцы ў машынную частку, i многае iншае. Хлопчык нарадзiўся на караблi. У яго было шмат цацак: яму iх рабiлi i дарослыя, i робат. Цацкi былi працягам карабельнага жыцця. Гэта былi маленькiя ракеты, усюдыходы, робаты i многае iншае, што, толькi большага памеру, знаходзiлася ў карыстаннi дарослых. Хлопчык не здзiўляўся. Ён лiчыў, што так i павiнна быць. Дарослыя большыя, таму ў iх i цацкi большыя. Ён толькi часам пытаўся, чаму дарослых на караблi многа, а ён заўсёды адзiн.



5 из 8