
- Але, мсье...
- Я дам табе рэкамендацыю ў Касмiчны каледж i ўзамен прашу ў цябе толькi аднаго.
У Жуля заняло дух.
- О пане палкоўнiк! Чаго ж?
- Заўсёды будзь такi, каб мне не было за цябе сорамна!
Ён сядзеў у сябе ў кабiне, вочы ў яго запалi i пачырванелi ад стомы, а "Прывiд" iмклiва праразаў прастору. За дваццаць напружаных, пакутлiвых гадоў ён збудаваў цэлую лесвiцу i прыступка за прыступкай падняўся да чына капiтана. Цяпер ён славiўся як адзiн з сама дасведчаных, спрактыкаваных камандзiраў касмiчнай службы. I ўсё гэта непарушна грунтавалася на адной запаведзi, якая падтрымлiвала яго ў сама цяжкiя хвiлiны: "Заўсёды будзь такi, каб мне не было за цябе сорамна!"
Яго мацi i палкоўнiк Пiне даўно памерлi, але да апошняй сваёй часiны яны iм ганарылiся: ён жа стаў капiтанам.
Ён быў штурманам, другiм пiлотам, потым першым, i месца яго было на носе карабля, як ён заўсёды марыў, i ён сапраўды акунаўся ў неабсяжны зорны свет, якi гэтак любiў. Мерна чаргавалiся гадзiны, што былi адведзены на сон, адпачынак i работу, i, калi ён працаваў, яго ўвесь час перапаўняла неаслабнае захапленне перад тым, што яму даводзiлася бачыць, назiраць, вывучаць.
А цяпер ён прамяняў усё гэта на добраахвотнае зняволенне ў нетрах карабля, i навокал ужо нiчога не было - адны толькi цьмяныя сцены са сплаву тытану ды завалены паперамi стол.
У любую хвiлiну работы, у любую хвiлiну адпачынку, а нярэдка i перарываючы сон ён адказваў на пытаннi, прымаў рашэннi, рабiў запiсы ў спецыяльных кнiгах, запаўняў тысячы дзелавых бланкаў. Як кажуць, спрэс адна пiсанiна...
Праз гадзiну пасля вячэры:
- Прашу прабачэння, капiтан. Гэты таўстун з Дзюсельдорфа зноў напiўся да зялёных чорцiкаў. Выцяў сцюарда, якi спрабаваў яго ўцiхамiрыць. Прашу дазволу замкнуць яго на гаўптвахце.
