
I футбалiсты, i гледачы доўга не затрымалiся на пляцоўцы, пабеглi ў класы. Слава астаўся. Ён панура брыў па школьным двары i вiнавацiў сябе за промах. На момант падумалася, што зараз урок класнай i яна абавязкова спытае, дзе гэта Селiвонiк, цi не захварэў часам? А заўтра напiша бацькам запiску, i ён сам аднясе яе. Слава па прывычцы паспрабаваў уявiць сабе, што зараз адбываецца ў класе, але нiчога не атрымалася. Мроiлася нейкая лухта. Трэба ж, быццам не класная, а сам дырэктар - ён жыве ў суседнiм з iхнiм доме - сустрэўшы бацьку на аўтобусным прыпынку, паскардзiўся на яго, Славу.
Слава аж памацаў свой лоб: такое можа прывярэдзiцца толькi хвораму. Адзiн, нават два ўрокi - дробязь, у горшым выпадку на савет атрада пацягнуць. Дырэктар тут нi пры чым. Слава ўздыхнуў з палёгкай i прыбавiў кроку.
- Мазiла, мазiла!
Слава азiрнуўся, цiкава, каго гэта так дражняць?
Некалькi першаклашак - во, драбнота! - нахабна глядзелi на яго i паўтаралi:
- Селiвонiк мазiла!
- Я вам дам мазiлу, - узлаваўся Слава i рушыў да малых.
Хлапчукi кiнулiся хто куды. Толькi адзiн, самы меншы, нешта прамарудзiў, i Слава даў яму штурхеля. Не надта моцнага, больш, каб напалохаць. Малы аказаўся няўклюдай, зачапiўся нагой за нагу i плюхнуўся тварам у пясок. Ён адразу ж падхапiўся i памчаўся за астатнiмi, а Слава заўважыў, што ў хлопца з носа паказалася кроў. "Гэтага яшчэ не хапала, падумаў Слава. I тут яго як пацягнула ўзняць вочы. Ён убачыў дырэктара, якi, стоячы ля акна, размаўляў па тэлефоне i строга глядзеў на яго. - Гэтага мне не хапала!" - нiякавата паўтарыў сабе Слава i паплёўся дадому.
А далей зноў было так, як яму ўяўлялася. Дырэктар сустрэў на аўтобусным прыпынку бацьку i расказаў, што Слава не толькi прапускае заняткi, а i крыўдзiць малых.
Слава пасля не спаў усю ноч. Не таму, што дасталося ад бацькi. Гэта здарылася не ўпершыню. I ў такiх выпадках, як бы горка нi было, ён засынаў хутка. Сёння ж ён на бацькавы словы нават не звярнуў увагi. Яго галава была занята iншым: няўжо збылося жаданне, якое прыйшло да яго ранiцай на ўроку, няўжо цяпер ён зможа заглядваць у будучыню? I чаму менавiта ў яго, Славы Селiвонiка, з'явiлася такая здольнасць, а не, скажам, у Косцiка Манцэвiча, самага лепшага вучня iх класа?
