
Нiчога пэўнага Слава так i не прыдумаў. Тым не менш быў вельмi рады: ён не падобны на iншых, ён умее прадбачыць будучыню, яму цяпер будуць зайздросцiць. I не падазраваў Слава, што чакаюць яго цяпер не шчаслiвыя хвiлiны, а адны непрыемнасцi...
Раней Слава нiколi не клапацiўся, што будзе потым. Будзе, i ўсё. Цяпер жа стаў баяцца нават думаць пра гэта "потым". Бо як задумаецца, то абавязкова спраўдзiцца, ды не добрае, а, наадварот, дрэннае. А галоўнае, няма яму нiякай карысцi ад гэтага.
Ну, што б, здавалася, не папярэдзiць яму сябе самога: гэтага не рабi, туды не хадзi, бо будзе так i так. Дык не. Як ужо сядзiш у класе, не вывучыўшы ўрока, то толькi тады даведаешся, чым скончыцца тваё гультайства. А што ў фiзiчным кабiнеце здарылася! Нават сорамна каму сказаць, што ўмееш прадбачыць будучыню. У той дзень кiраўнiк фiзiчнага гуртка чамусьцi запазнiўся. Усе хлопцы сядзелi цiха, чакалi. Аднаму Славу як хто калючак на стул панакiдаў. То туды сунецца, то сюды. Пакуль не зачапiў нагой нейкi провад i не вырваў яго з клемы. У кабiнеце нiбы маланка блiснула, а тады стала цёмна-цёмна. Толькi гут Славу ўявiлася: уваходзiць, нiбыта, кiраўнiк гуртка, пытаецца, што здарылася, i кажа: "Парушальнiкам тэхнiкi бяспекi не месца ў нашым гуртку. Так, рабяты?"
I нiхто не паспачуваў яму, Славу Селiвонiку, лепшаму футбалiсту ў класе: аднагалосна пастанавiлi выключыць яго з гуртка.
Хаця Слава i ведаў, што ў сваiх прадбачаннях не памыляецца, на гэты раз толькi пасмiхнуўся сам сабе. Не могуць хлопцы вынесцi яму такое суровае спагнанне. I ўзрадаваўся: нарэшце ён памылiўся.
