Ачулася ад таго, што Сарвар моцна ўзяў мяне за плечы i трасянуў:

- Шахноза! Джамшыду лепей! Шахноза, ён плача, чуеш?!

Толькi тады я зноў стала ўспрымаць свет вакол. I нават паспрабавала ўсмiхнуцца медсястры, якая з'явiлася з-за дзвярэй:

- Мне ўжо можна да яго?

Медсястра ўхiлiлася ад адказу:

- Доктар вам усё растлумачыць...

Доўга Зухра Рустамаўна распытвала мяне пра хваробы Джамшыда, пра тое, як ён рос, якiя лекi яму давалi. Пасля роздумнай паўзы асцярожна прагаварыла:

- Выпадак моцна ўскладнены павышанай адчувальнасцю да iн'екцый i алергiчнай рэакцыяй на некаторыя лекавыя прэпараты. Гэта i тое, што арганiзм аслабеў, а значыцца, амаль не супрацiўляецца iнфекцыям...

Я падалася да яе, глытаючы слёзы, спыталася:

- Жыць... Ён будзе жыць?!

- Мы зробiм усё магчымае, каб дапамагчы хлопчыку. Думаю, абыдзецца... Але многае залежыць i ад вас - матчына любоў творыць цуды. Ранiцай вас пусцяць да сына.

Калi ўраннi, з марлевай павязкай на твары, я ўвайшла да Джамшыда, ён ляжаў вялы i бяссiльны. Я павярнула да сябе яго тварык, пагладзiла лоб, з якога сышоў жар, прашаптала: "Жарэбчык мой..."

У турботах прайшоў дзень. За iм i ноч. Потым зноў дзень. Зноў ноч... Яны былi падобныя адзiн на аднаго, гэтыя бясконцыя днi. Абыход. Працэдуры. Мыццё падлог. Гаршкi. Працэдуры. Кампрэсы. Плач дзяцей. Сварка раздражнёных санiтарак. Лекi. Працэдуры... I ўвесь час, кожную хвiлiну, кожную секунду Джамшыд. Як ён?! Колькi разоў схiлялася я над ягоным цельцам, спрабуючы здагадацца, цi не спынiўся жар. Колькi разоў...

Стаяла самая спякотная пара лета. Увечары ў палаце было вельмi душна. Тады я выносiла на балкон крэсла, брала малога на рукi i сядзела на паветры, закалыхвала яго, напяваючы калыханкi, чутныя яшчэ ад бабулi. Надыходзiла цемра. Потым яна давала месца зорнаму купалу. А яшчэ пазней i зоркi растваралiся ў перадранiшнiм i перадсвiтанкавым часе.



3 из 12