Часам мне раптам пачынала здавацца, што Джамшыд не дыхае. I сэрца маё падала ў бяздонную прорву. Менавiта ў такiя хвiлiны стала я заўважаць за сабой дзiўныя рэчы. Яны не палохалi мяне, але бянтэжылi. Мроiлася, быццам не адны мы з Джамшыдам на балконе, што разам са мной схiляецца над iм нейкая нябачная iстота, схiляецца i таксама ловiць яго дыханне... Аднойчы... Аднойчы мне здалося, што хтосьцi ўтрымаў малога на iмгненне раней, як зрабiла гэта я, калi ён ледзь не ўпаў з ложачка.

Але ўсе мае думкi былi паглынутыя сынавай хваробай. Тое, што, магчыма, я вар'яцею, я адкiнула, як дробязь, - што заўгодна, толькi б Джамшыд быў здаровы!

Машыну трасянула, але Джамшыд нават не адчуў гэтага. Ён моцна спаў у мяне на руках. Па звычцы я адразу прыслухалася да яго дыхання.

- Што? - з трывогай спытаўся Сарвар.

- Спiць... Слабенькi... - адгукнулася я.

Фатых, падбадзёрваючы, крануўся пляча Сарвара:

- Ад горнага паветра твой спадчыннiк паздаравее мiгам. Лепшае за любыя лекi гэтае паветра гор.

- Спачатку я не паверыў дактарам, - больш для сябе, як для нас з Фатыхам, вымавiў Сарвар, не адрываючы позiрку ад дарогi. - Малы цяжка перахварэў, а яны раяць везцi яго ў горы, дзе сцюдзёна па начах, ды i наогул халаднавата...

Фатых пачаў быў тлумачыць, у чым менавiта карыснасць для здароўя горнага паветра, але раптам радасна перарваў свой расказ, усклiкнуў:

- Пад'язджаем!

- Не абцяжарым мы твайго дзядзьку? - спыталася я, адчуваючы няёмкасць.

- Не турбуйся, Шахноза, ён жа сам запрасiў вас, як толькi я расказаў яму пра хваробу Джамшыда.

Неўзабаве мы пад'ехалi да кiшлака. Дарога як бы ўлiлася ў яго, ператвараючыся ў галоўную вулiцу, уздоўж якой цягнулiся глiнабiтныя дувалы, былi бачны стрэхi дамоў i ўвiтыя вiнаградам двары. Кiшлак размясцiўся на самым беразе горнай ракi Угам, ад якой струменiла прахалода, я яе адчула, ледзь выйшла з машыны каля дома, дзе жыў дзядзька Максуд. А шум ракi, вясёлы, срабрысты, даў мне адчуванне ўпэўненасцi, што ўсё будзе добра.



4 из 12