Насустрач нам iшоў высокi плячысты мужчына. Iшоў лёгкiм спружынiстым крокам, i калi б Фатых не казаў мне, я нiколi б не паверыла, што яго дзядзьку ўжо за шэсцьдзесят, нагэтулькi молада ён выглядаў. Прыцiснуўшы далонi да грудзей, дзядзька Максуд ветлiва прывiтаў нас:

- Салам алейкум! Ласкава запрашаем, госцi дарагiя. Не стамiлiся ў дарозе?

Мы адказалi, што не надта. Тады гаспадар спынiў позiрк на Джамшыдзе, усмiхнуўся:

- Гэта i ёсць той малы, пра якога мне казаў Фатых?

- Але, - сказала я, адчуваючы, як кроў адлiвае ад твару.

Дзядзька Максуд заўважыў мой стан, вымавiў нягучна:

- Не перажывай, дачка. Вочкi ў малога жывыя, наша паветра яму на карысць пойдзе. Паздаравее твой волат... Праходзьце ў дом, чаго ж мы тут стаiм.

Мужчыны адразу замiтусiлiся, сталi выгружаць з машыны рэчы, заносiць у двор. Я iшла ўслед за iмi i раптам, у якi ўжо раз за час сынавай хваробы, адчула на сабе нечы погляд. Павярнулася хутка, але нiкога не ўбачыла. Мне сталася не па сабе, i я прыбавiла кроку.

Жыць нам з Джамшыдам належала ў невялiкiм, але ўтульным i чыстым пакоi, дзе я адразу i пачала размяшчацца. Расклаўшы рэчы, уладкавала сына на ложку, а калi ён заснуў, выйшла ў двор, каб праводзiць мужа, якi ад'язджаў.

Калi машына схавалася за выгiнам дарогi, да горла майго падступiлi рыданнi, на вочы навярнулiся слёзы. Я не хацела, каб хто-небудзь убачыў мяне такую, i я села каля дувала i задумалася. Аднак мой стан заўважыў гаспадар дома.

- Пагуляла б, дачка, - сказаў ён. - Тут санаторый надалёка, вунь, бачыш, на тым беразе вялiкая брама... Схадзi з малым, прагуляйся - краса там незвычайная.

Прапанова прыйшлася мне па душы. Заставацца ў двары не хацелася, часу да абеду было шмат, i, усадзiўшы Джамшыда ў каляску, я пайшла да санаторыя... I тут зноў адбылося тое, праз што мне стала не па сабе.

Я выкацiла калясачку на дарогу амаль зусiм побач збрамай санаторыя i, не паспеўшы нiчога ўцямiць, убачыла, што проста на нас iмчыцца вялiзны аўтамабiль.



5 из 12