Я рванула каляску з сынам убок, спатыкнулася аб камень i стала падаць, спрабуючы ўтрымацца сама i ўтрымаць каляску - побач быў абрыў, а ўнiзе шумела рака, i шум яе ўжо не здаваўся мне срабрысты i вясёлы. Не ведаю, што было б, не падтрымай мяне хтосьцi... Павярнуўшыся да свайго збаўцы, каб падзякаваць яму, я спалохана ўскрыкнула - побач нiкога не было. I не магло быць. Нiводны чалавек не мог бы застацца незаўважаным... Што са мной адбываецца, я зразумець не магла, бо выразна адчувала нават дыханне, што кранулася маёй шыi. Толькi поўнасцю ачуўшыся, я змагла зрабiць крок, потым другi. З вялiкай цяжкасцю дабралася да дома, пакармiла сына, спрабуючы саўладаць з думкамi, што шалёна скакалi, занялася нейкiмi справамi...

Увечары, седзячы каля ложка, на якiм раскiнуўся ў сне мой маленькi, я старалася пераканаць сябе, што нiчога страшнага не адбылося, што ўсё гэта мне прымроiлася... З задумлiвасцi мяне вывеў скрып крэсла. Я ўзняла галаву.

У крэсле сядзела незнаёмая жанчына. Сядзела зусiм спакойна. Сядзела i глядзела на мяне. А я нi варухнуцца не магла, нi ўскрыкнуць... З цяжкасцю, але стала прыходзiць яснасць - гэта сон, звычайны сон, заснула i бачу яго, сон занадта падобны на рэальнасць. Вочы сталi заўважаць дэталi: незнаёмку можна было б назваць красуняй, калi б не халодны i ганарысты выраз твару, быццам вытачанага з мармуру. Прамыя светлыя валасы сцягнутыя на патылiцы ў просты вузел, бровы прамыя, губы ледзь выгнутыя... У позiрку яе чыталася цiкаўнасць. З такiм выразам мы часам глядзiм, як мурашкi будуюць свой дом, як матылёк пырхае ад краскi да краскi, як...

- Вiтаю цябе, Шахноза, - павольна вымавiла жанчына, i голас ейны быў роўны, халодны, пазбаўлены эмацыянальнай афарбоўкi.

Я маўчала. Проста не ведала, што сказаць, бо гэта ж сон... Мой сон.

- Не, - сказала жанчына, - гэта не сон. Я такi ж чалавек, як i ты, але нарадзiлася на iншай планеце. Тут я па заданнi ўрада. Праводжу доследы. У мае планы не ўваходзiў кантакт з паддоследным экземплярам, аднак давялося паказацца - iнакш праз тваю празмерную ўражлiвасць мог сарвацца эксперымент.



6 из 12