- Экземпляр... гэта я? - разгублена спыталася я, чамусьцi адразу паверыўшы госцi.

- Цябе выбралi з некалькiх тысяч, - паведамiла iншапланецянка.

Мне ад гэтага паведамлення лягчэй не стала. Спрабуючы стрымаць нервовыя дрыжыкi, я ўстала, зiрнула на Джамшыда, якi соладка спаў, падумала вяла, што i мой сын стаў паддоследным звярком. Услед за гэтай думкай прыйшла рашучасць нi ў якiм выпадку не дазволiць гэтага, уратаваць дзiця ад невядомай бяды. У вокамгненне я была каля яго, засланiла сабой i, зрабi iншапланецянка хоць бы крок да яго, я ўчапiлася б ёй у горла, як дзiкая кошка.

- Супакойся, - стрымана ўсмiхнулася яна. - Шкоды нi табе, нi твайму сыну я не зраблю... Давай знаёмiцца - я Лiелаш.

Маё iмя яна ведала, таму я моўчкi чакала працягу. Дзiўна, але нiякiх сумненняў адносна праўдзiвасцi слоў гэтай жанчыны ў мяне не ўзнiкла - паверыла адразу ў ейнае паходжанне, у гэты невядомы эксперымент.

- Ты ў стане выслухаць мяне або адкладзём размову? - спыталася госця.

Пацiкавiцца, адкуль прыляцела Лiелаш, якiм чынам вывучыла ўзбекскую мову, як знайшла мяне, мне нават не прыйшло ў галаву - усё гэта неяк можна было растлумачыць. Думкi былi заняты адным - што прынясе нам з сынам гэтая сустрэча з чужым розумам?

- Што вам патрэбна ад мяне? - з цяжкасцю разляпiўшы перасохлыя губы, вымавiла я.

Лiелаш задаволена кiўнула, адкiнулася ў крэсле i стала апавядаць.

Вечны мiр на Астры быў абвешчаны каля трохсот гадоў назад. Велiзарныя сродкi, якiя вызвалiлiся, грамадства стала выдаткоўваць на самыя высакародныя мэты: медыцыну, навуковыя даследаваннi, вынаходнiцтва машын, што аблягчаюць людзям жыццё. Прыкметна паскорыўся навукова-тэхнiчны прагрэс. Асаблiва актыўна занялiся навукай жанчыны, пераклаўшы хатнiя клопаты на дужыя плечы нястомных i акуратных машын.



7 из 12