
Мы вырашылi пачаць спярша даследаваць менавiта гэтую планету. Прыборы атрымалi новую праграму, i зоркалёт хутка выйшаў на пастаянную арбiту. Тут, спынiўшы рухавiкi, мы маглi добра прыгледзецца да нашай абраннiцы. Праз тэлескоп былi бачныя моры i кантыненты.
Наш карабель быў дрэнна прыстасаваны пад пасадкi на планеты. Дзеля гэтага былi прадугледжаны тры маленькiя ракетапланы, якiя мы называлi катэрамi. У адным з iх мы i размясцiлiся ўтрох, прыхапiўшы некаторыя вымяральныя прыборы, а таксама Гектара; у шымпанзэ, як i ва ўсiх нас, быў скафандр, да якога ён ужо прызвычаiўся ў час палёту. Што ж да зоркалёта, дык мы пакiнулi яго на пастаяннай арбiце непадалёк ад планеты. Там ён быў у большай бяспецы, чым карабель на якарнай стаянцы ў порце, мы ведалi, што аўтаматыка не дасць яму адхiлiцца ад арбiты.
Сесцi на планету такога тыпу, што мы абралi, было ў нашым катэры зусiм нескладана. Толькi мы ўвайшлi ў шчыльныя слаi атмасферы, як прафесар узяў на аналiз пробы паветра. Антэль прыйшоў да высновы, што на гэтай вышынi састаў паветра дакладна адпавядае зямному. Я не паспеў нават усвядомiць усёй важнасцi такога цудоўнага супадзення: планета хутка наблiжалася, i неўзабаве мы былi ўжо на вышынi не больш пяцiдзесяцi кiламетраў. Усе манеўры рабiлiся аўтаматамi, i мне заставалася адно прыцiснуцца тварам да iлюмiнатара i назiраць, як iмклiва наблiжаўся невядомы свет, з хваляваннем прадчуваючы адкрыццi, што чакалi нас у iм.
Планета была проста надзiва падобная на Зямлю. Уражанне гэтае няспынна ўзмацнялася. Цяпер я ўжо на свае вочы бачыў контуры мацерыкоў. Паветра было блакiтнае, чыстае, трохi зеленаватае, афарбаванае дзе-нiдзе аранжавымi блiкамi, як у нас у Правансе на схiле дня. Акiян таксама быў блакiтнаваты з зялёным адценнем. Рысы ўзбярэжжа адрознiвалiся ад усяго, што бачыў я на Зямлi, хоць я i iмкнуўся ўпарта знайсцi падабенства, якое так кiнулася мне ў вочы ва ўсiм астатнiм! Ды колькi я нi прыглядаўся, абодва паўшар'i планеты нiчым не нагадвалi нi наш Стары, нi Новы Свет.
