Падарожжа праходзiла без непрадбачаных здарэнняў. Адзiнае, што замiнала нам, дык гэта павелiчэнне цяжару ў час разгону i тармажэння. Прыйшлося прывыкаць да таго, што мы ўжо важылi раза ў паўтара больш, чым на Зямлi. Спачатку стамлялiся, аднак хутка асвойталiся i перасталi звяртаць на гэта ўвагу. Памiж перыядамi паскарэння i тармажэння мы былi ў стане поўнай бязважкасцi, што спрычынiла розныя смешныя выпадкi, але гэта доўжылася ўсяго толькi некалькi гадзiн, так што шкоды мы праз тое не мелi нiякай.

I вось нарэшце пасля доўгiх месяцаў палёту настаў дзень, калi мы з хваляваннем убачылi, як пачала расцi на нашых вачах запаветная мэта - зорка Бетэльгейзе.

Раздзел III

Немагчыма расказаць, якiя пачуццi выклiкае такое вiдовiшча. Зорка, якая яшчэ ўчора была маленькая зiхоткая кропачка, безыменная для нас, як i вялiкае мноства ўсiх астатнiх падобных адна на адну кропачак на бязмежным зорным небе, рабiлася спакваля ўсё ярчэйшаю, большаю, блiзкаю. Спачатку яна была блiскучым арэшкам, пасля ператварылася ў жоўценькi апельсiн i, нарэшце, пачырванеўшы, спадобiлася нашаму роднаму сонейку перад заходам. Нарадзiлася наша новая нябесная мацi, i мы ўжо штодня адчувалi яе цяпло i прыцягненне.

У той час зоркалёт ужо дужа знiзiў хуткасць. Мы наблiжалiся да Бетэльгейзе да тае пары, пакуль зорка не перакрыла сабою iлюмiнатар. Яна была непараўнальна большая за ўсе бачаныя намi раней нябесныя целы - уражанне было проста казачнае. Антэль задаў прыборам новую праграму, i мы пачалi кружыць вакол звышгiганцкай зоркi. Пасля прафесар адрэгуляваў астранамiчныя прыборы i пачаў назiраннi.

Неўзабаве яму ўдалося адшукаць у сiстэме чатыры планеты, вылiчыць iх дыяметры i арбiты, па якiх яны круцiлiся вакол Бетэльгейзе. Адна з гэтых планет, другая ад зоркi, мела арбiту, блiзкую да зямной. Яна была прыкладна тых самых памераў, што i Зямля, з атмасферай з кiслароду i азоту, i, плывучы ў трыццаць разоў далей ад Бетэльгейзе, нiж Зямля ад Сонца, атрымлiвала прыблiзна тую ж колькасць цяпла, што i наша планета: гэта тлумачылася памерамi зоркi i яе параўнальна невысокай тэмператураю.



9 из 145