
Толькi ў позiрку гэтай нiмфы над вадаспадам было не вар'яцтва, не!
Калi дзяўчына заўважыла, што за ёй назiраюць, яна раптам iмгненна адскочыла, усё роўна як яе апякло цi ўдарыла токам. У гэты момант яна была падобная на спалоханага звярка. I гэта не быў спалох цнатлiвай нявiннiцы, якую заспелi голай, iнакш бы яна не назiрала за намi стоячы на адкрытым месцы ў такiм выглядзе. Проста яе вочы не маглi або не хацелi вытрымлiваць мой позiрк. Павярнуўшы галаву ўбок, яна ўпотайкi паглядвала цяпер на нас скосу.
- Я ж казаў вам, што гэта жанчына, - прамармытаў Артур Левэн.
Ён усхвалявана вымавiў гэтыя словы голасам, ледзь чутным i нам самiм, амаль шэптам, аднак дзяўчына пачула яго. Левэнавы словы прагучалi для яе, бы пярун: яна зноў адскочыла назад, i так хутка, што зноў нагадала мне спалоханага звярка, якi кiнецца зараз уцякаць. Але, адступiўшы на два-тры крокi i амаль што поўнасцю схаваўшыся за скалою, яна ўсё ж спынiлася. Цяпер я бачыў толькi яе лоб i адно вока, якое пiльнавала нас.
Мы нават паварушыцца не смелi, баючыся, што пры першым жа нашым руху яна знiкне. I гэта супакоiла яе. Праз нейкi час яна зноў з'явiлася на краi абрыву. I тут занадта ўсхваляваны Левэн не стрымаўся.
- Нiколi не бачыў нiчога падобнага... - пачаў ён i адразу ж асекся, зразумеўшы сваю неасцярожнасць: дзяўчына зноў адскочыла i схавалася, напалоханая ягонымi словамi.
Тады прафесар даў нам знак змоўкнуць i пачаў плюхацца ў возеры, усё роўна як i не зважаючы на яе. Паглядзеўшы на Антэля, мы сталi рабiць тое ж самае. Тактыка была выбрана ўдала: дзяўчына не толькi зноў наблiзiлася да нас, але i пачала захоплена назiраць за нашымi заплывамi i ныркамi, што яшчэ больш распалiла нашую цiкаўнасць. Вы бачылi калi-небудзь, як паводзiць сябе на пляжы побач з гаспадаром, якi купаецца, баязлiвае сабачаня? Яму да смерцi хочацца ўскочыць у ваду, але яно не асмельваецца. Яно кiдаецца ўперад, назад, адбягае ад вады, зноў вяртаецца, атрасаецца. Акурат гэтаксама ж паводзiла сябе дзяўчына.
