I тут мы пачулi яе голас! Аднак гукi з яе вуснаў адно ўзмацнiлi нашае ўражанне аб ёй, як аб нейкiм звярку. У гэты момант яна стаяла ля самага краю абрыву, сваёй, так бы мовiць, курасаднi, i, здавалася, была гатовая нырнуць у возера. На нейкае iмгненне яна перастала кiдацца, бы сабачаня. Разявiла рот. Я стаяў трохi ўбаку i мог назiраць за ёю, застаючыся непрыкметны. Думаў, што цяпер яна скажа нам штосьцi, крыкне. Быў гатовы пачуць словы сама прымiтыўнай мовы, але толькi не тыя дзiўныя гукi, што вылецелi з яе горла. Але, менавiта з горла, бо нi рот, нi язык не маглi б утварыць пачуты намi вiск цi пiск, якiм дзяўчына перадала сваё захапленне. Радасць звярка. Падобныя гукi можна пачуць у нашых заалагiчных садах ад маладых шымпанзэ ў час гульнi.

Мы плюхалiся ў возеры, з усяе сiлы робячы выгляд, што не звяртаем на яе анiякае ўвагi, - i нарэшце яна рашылася. Прысела i пачала хутка спускацца да нас, чапляючыся рукамi за ледзь прыкметныя выступы. Вытанчанасць яе рухаў была проста неверагодная. Гнуткае залатаскурае цела дзяўчыны скрозь вясёлкавую смугу вадаспада здавалася нам феерычньм. Праз некалькi iмгненняў яна ўжо была на самым беразе возера. Прысеўшы на камень, дзяўчына нейкi час разглядвала нас, потым нырнула i паплыла да нас.

Мы зразумелi, што яна хоча падурэць з намi, i пачалi плюхацца яшчэ з большым iмпэтам, але так, каб не напалохаць яе. Дзяўчына плавала, хутка заграбаючы ваду рукамi i нагамi, як плаваюць сабакi, i яе распушчаныя валасы слалiся за ёю, быццам хвост каметы. I ўрэшце, вельмi хутка, пачалася гульня, ход якой задала незнаёмая. Сапраўды дзiўная забава, якая нагадвала гульнi цюленяў у басейне: мы ганялiся адно за адным i нечакана ўцякалi ў той самы момант, калi, здавалася б, павiнны былi вось-вось дакрануцца адно да аднаго. Усё гэта было, ведама ж, дзiцячае свавольства, але на якiя толькi хiтрыкi мы б не пайшлi, каб прыручыць чароўную дзяўчыну! Я заўважыў, што нават прафесар Антэль з непрыхаваным задавальненнем прымаў удзел у нашай гульнi.



17 из 145