Прайшло колькi секунд, i iскарка блiснула зноў. Фiлiс адразу ж сказала Джыну, што светлавы прамень сустрэў, напэўна, нейкi зiхоткi прадмет. Iнтуiцыя, набытая Фiлiс у касмiчных падарожжах, не магла падмануць яе. Згадзiўся з сяброўкай i Джын, а ён у такiх выпадках не памыляўся. Непадалёк ад яхты - вызначыць адлегласць было цяжка - у космасе плыло нейкае зiхоткае цела. Джын схапiў бiнокль i стаў углядацца ў таямнiчы прадмет. Фiлiс нецярплiва прытулiлася да пляча свайго прыяцеля.

- Рэч невялiкая, - сказаў Джын. - Здаецца, шкляная... Пачакай, дай угледзецца!.. Яна наблiжаецца... Хуткасць большая за нашую... Слухай...

На твары ў Джына было здзiўленне. Ён нават выпусцiў з рук бiнокль, якi Фiлiс адразу ж падхапiла.

- Дарагая, гэта ж бутэлька.

- Бутэлька?

Фiлiс таксама паглядзела ў бiнокль.

- Але, бутэлька... Ну, вядома. Са светлага шкла... Заткнутая: бачу корак. А ўсярэдзiне штосьцi белае. Напэўна, папера... Цыдулка! Джын, трэба яе злавiць!

Джын, вiдаць, думаў пра тое самае, бо адразу ж пачаў спрытна лавiраваць, каб перахапiць бутэльку. Яму ўдалося амаль iмгненна змянiць курс i зменшыць хуткасць - з такiм разлiкам, каб бутэлька прайшла акурат побач з яхтаю. Пакуль ён манеўраваў, Фiлiс паспела надзець скафандр i выйсцi праз перадабалонкавую камеру на вонкавы бок сферычнага ветразя. Учапiўшыся за трос, з сачком на доўгiм дзяржаннi ў другой руцэ, яна рыхтавалася да сустрэчы з бутэлькаю.

Фiлiс i Джын ужо не раз удавалася злавiць сачком у космасе розныя рэчы. Плаваючы пацiхеньку альбо амаль нерухома павiсаючы ў пустэчы, яны ўбачылi багата дзiўнага i зрабiлi цiкавыя адкрыццi, якiмi не пахвалiшся ў звышхуткiх палётах на зоркалёце. Фiлiс вылоўлiвала кавалачкi былых планет, рэшткi метэарытаў з iншых галактык i нават спадарожнiкаў, запушчаных яшчэ на самым пачатку касмiчнае эры. Яна ганарылася сваёй калекцыяй, але бутэлька, ды яшчэ з рукапiсам - а сумненняў у гэтым ужо не было, - сустракалася ўпершыню! Фiлiс ажно дрыжала ад нецярпення. Пагойдваючыся на тросе, бы павучыха на павуцiне, яна аддавала сябру па тэлефоне загады:



3 из 145