Не спускаючы з iх вачэй, мы пачалi таропка адзявацца. Але толькi паспелi нацягнуць штаны i накiнуць кашулi, як узбуджанасць дзiкуноў перайшла ледзь не ў iстэрыку. Выдавала на тое, што яны проста бачыць не маглi без раздражнення адзетых людзей! Некаторыя кiнулiся ўцякаць, астатнiя наблiзiлiся да нас, выставiўшы рукi з пагрозлiва скручанымi пальцамi. Я схапiўся за карабiн. I, як нi дзiўна, гэтыя тупыя iстоты зразумелi, напэўна, што гэта мусiць значыць, бо ўмомант знiклi ў лясным гушчары.

Мы спешна вярнулiся да нашага катэра. Усю дарогу назад мяне нi на секунду не пакiдала непрыемнае пачуццё, што за мною сочаць - нябачна, нячутна iдуць за намi па пятах.

Раздзел VII

Напад быў такi нечаканы, што пра абарону думаць не прыйшлося. Мы падыходзiлi ўжо да паляны, калi сарорцы з хуткасцю аленяў выскачылi з гушчару i накiнулiся на нас раней, чым мы паспелi ўскiнуць стрэльбы.

Самае цiкаўнае ў гэтым нападзе было тое, што не супраць нас быў ён накiраваны. Я гэта адразу адчуў, i мая здагадка ўмомант пацвердзiлася. Нас не чакаў сумны лёс Гектара: сарорцы рабiлi замах не на нашае жыццё, а толькi на адзежу i рыштунак. Нас iмгненна прыцiснулi да зямлi. Дзесяткi рук лiхаманкава адкiдвалi як мага далей стрэльбы, патроны, змесцiва паходных мяшкоў, здзiралi з нас адзежу i адразу ж iрвалi яе на шматкi. Скемiўшы, што менавiта выклiкае лютасць дзiкуноў, я перастаў супрацiўляцца, i ў вынiку мяне толькi крыху падрапалi. Убачыўшы гэта, Антэль i Левэн паводзiлi сябе гэтаксама ж, i неўзабаве мы засталiся ў чым мацi нарадзiла сярод натоўпу сарорцаў. Тыя адразу ж супакоiлiся i пачалi гарэзаваць вакол нас, не дазваляючы, аднак, аддалiцца ад iх нi на крок, каб мы не ўцяклi.



23 из 145