
Цяпер на ўзлессi сабралася не менш як паўсотнi гэтых дзiвакоў. Адны акружылi нас, другiя кiнулiся да катэра. Дзверы хутка паддалiся iх нацiску. Сарорцы пачалi спусташаць катэр з той санай лютасцю, з якой толькi што рвалi адзежу. Я з адчаем глядзеў на тое, як яны нявечылi такую неабходную нам апаратуру, але думка мая тым часам не пераставала працаваць, i, здаецца, я ўцямiў галоўнае: гэтых людзей раз'юшвалi прадметы! Усё штучна вырабленае выклiкала ў iх лютасць i страх адначасна. Ледзь iм трапляўся ў рукi якiсьцi iнструмент, яны ўмомант яго разбiвалi, расплюшчвалi або ламалi i адразу ж адкiдвалi як мага далей, быццам гэта было распаленае жалеза, а калi хапалi зноў, дык толькi каб знiшчыць канчаткова. Мне яны нагадвалi мангустаў, якiя нападаюць на змей, цi кошак у паядынку з пацукамi: кошкам вялiкi пацук, нават паўмёртвы, усё яшчэ можа быць вельмi небяспечны. Я ўжо адзначыў, што яны справiлiся з намi голымi рукамi, не карыстаючыся нiякай зброяй, нават палкаю.
Мы ў бяссiльным адчаi назiралi за тым, як сарорцы нiшчаць катэр. Дзiкуны зруйнавалi, разбiлi ўсё, што толькi магло быць разбiта i зруйнавана, усе каштоўныя навiгацыйныя прыборы, абломкамi якiх была спрэс пакрыта цяпер паляна. Пагром працягваўся досыць доўга. Нарэшце, калi ад катэра застаўся адзiн металiчны корпус, пагромшчыкi вярнулiся да нас. Падштурхоўваючы i тузаючы за рукi, яны павялi нас у лясны гушчар.
Становiшча нашае рабiлася ўсё больш безвыходнае. Абяззброеныя, раздзетыя, босыя, мы былi вымушаны ледзь не бегчы разам з усёю зграяю, не маючы магчымасцi перакiнуцца словам. Любая спроба загаварыць выклiкала такую пагрозлiвую рэакцыю, што нам прыйшлося ўрэшце тужлiва змоўкнуць. А мiж тым вакол нас былi такiя ж людзi, як i мы самi! Былi б яны адзетыя i прычасаныя, дык у нас на Зямлi на iх нiхто б i ўвагi не звярнуў. Праўда, тут кожную жанчыну можна было смела назваць прыгажуняю. Аднак нiводная з iх не магла параўнацца ў пагляднасцi з Новаю, якая бегла цяпер за намi па пятах.
