Кожны раз, калi мяне пачыналi падганяць залiшне груба i бесцырымонна, я азiраўся ў надзеi ўбачыць на твары ў яе хоць намёк на спагаду, i аднойчы мне здалося, што Нова шкадуе мяне. Але, вядома, я прымаў жаданае за сапраўднае. Толькi мае вочы сустракалiся з яе вачыма, як яна адразу ж адводзiла позiрк па-ранейшаму пусты.

Гэтак мы беглi некалькi гадзiн. Я ледзь не падаў ад стомы, ногi мае крываточылi, усё цела было падрапана калючымi галiнамi, мiж якiмi сарорцы праслiзгвалi, бы змеi, без нiякай шкоды для сябе. Таварышы мае пачувалi сябе не лепш за мяне. Прафесар Антэль спатыкаўся ўжо на кожным кроку, калi мы нарэшце дабралiся да мэты гэтага вар'яцкага забегу.

Лес парадзеў, зарасцi кустоўя змянiлiся палянамi з невысокаю травою. Тут нашы "праважатыя" пакiнулi нас i, нiбыта забыўшыся на нашае iснаванне, зноў пачалi ганяцца адно за адным памiж дрэвамi - выдавала на тое, што гэта быў галоўны занятак у iх жыццi. Мы ж звалiлiся ад стомы на траву i скарысталiся перадышкаю, каб шэптам перагаварыцца.

Левэн, як i я, быў у поўным адчаi, i спатрэбiлася мудрасць нашага патрона, якi здолеў падбадзёрыць нас. Ужо вечарэла. Мы, вядома, маглi скарыстацца бесклапотнасцю дзiкуноў i ўцячы, але куды? Катэр быў зруйнаваны. У нас не было больш разумнага выйсця, чым застацца тут i паспрабаваць улагодзiць гэтых варвараў. Да таго ж, нам страшэнна хацелася есцi.

Мы ўсталi i нерашуча пабрылi па лесе. Сарорцы па-ранейшаму бяздумна дурэлi, не звяртаючы на нас нiякае ўвагi. Мабыць, толькi Нова не забылася на нас. Яна пайшла за намi, трымаючыся трохi ззаду, i адварочвала галаву кожны раз, калi мы азiралiся. Паблукаўшы крышку па паляне, мы ўбачылi, што знаходзiмся ў чымсьцi накшталт стойбiшча першабытных людзей, толькi тут замест буданоў былi зладжаны з ламачча - на зямлi цi ў развiлках нiжнiх галiн нейкiя прымiтыўныя гнёзды, падобныя на тыя, што робяць буйныя малпы ў нашых афрыканскiх лясах. Некаторыя гнёзды былi занятыя. Мужчыны i жанчыны - не ведаю, як iнакш можна назваць сарорцаў рознага полу, - драмалi ў гнёздах, часта парамi, шчыльна прыцiснуўшыся адно да аднаго цi скурчыўшыся, бы сабакi ў халоднае надвор'е. У большых гнёздах размяшчалiся цэлыя сем'i: мы прыкмецiлi дзяцей, якiя спалi ў iх, - яны здалiся нам прыгожымi i дужымi.



25 из 145