
Але страўнiкi нашы ад усiх назiранняў не папаўнелi. Нарэшце мы заўважылi пад адным дрэвам сям'ю, якая прыступiла да трапезы, але iхняя ежа не магла спакусiць нас. Зубамi i пазногцямi яны раздзiралi на часткi тушу нейкай буйной жывёлiны, падобнай на аленя. Адрываючы крывавыя кавалкi, сарорцы жэрлi iх, выплёўваючы толькi шматкi шкуры. Увогуле мы не знайшлi ва ўсiм стойбiшчы анiводнага ачага. Нас ванiтавала ад аднаго толькi вiду такога абеду. Да таго ж, выявiлася, што нiхто i не збiраецца нас частаваць. Наадварот, ледзь мы наблiзiлiся на некалькi крокаў да гэтай сямейкi, як пагрозлiвае бурчанне вымусiла нас таропка адступiць.
Але тут нам дапамагла Нова. Магчыма, яна ўрэшце зразумела, што мы галодныя, хоць я ў гэтым i не ўпэўнены. Цi магла яна ўвогуле хоць што-небудзь зразумець? Не ведаю. Проста, хутчэй за ўсё, сама згаладалася. Ва ўсякiм разе, наблiзiўшыся да высокага дрэва, Нова абхапiла ствол рукамi i нагамi i, хутка падцягваючыся, дабралася да нiжнiх галiн i знiкла ў лiстоце. Неўзабаве адтуль градам пасыпалiся плады, падобныя на бананы. Потым Нова спусцiлася на зямлю i, скоса паглядаючы на нас, пачала ўплятаць гэтыя бананы. Пасля нядоўгiх ваганняў мы рызыкнулi пакаштаваць iх. Яны былi смачныя, i нам удалося заглушыць голад. Нiчога супраць таго, што мы далучылiся да яе, Нова не мела. Мы напiлiся з ручая i вырашылi, што тут i заначуем.
Кожны выбраў сабе месца, дзе можна было б зладзiць такое ж гняздо, як i ў сарорцаў. Нова настолькi зацiкавiлася нашай работаю, што нават наблiзiлася да мяне i дапамагла зламаць адну непадатлiвую галiну.
Мяне гэта кранула, а маладога Левэна, пэўна, раззлавала, бо ён бухнуўся на траву i павярнуўся да нас спiнаю. Што ж да прафесара, то ён даўно ўжо спаў, зламаны стомаю.
