
- Цiшэй, Джын!.. Не, крыху хутчэй, а не то яна нас перагонiць... Левы борт... правы борт... Уперад... Усё, злавiла!
Радасна крыкнуўшы, Фiлiс вярнулася ў кабiну.
У руках у яе сапраўды была вялiкая, дбайна закаркаваная бутэлька. Усярэдзiне можна было разгледзець тоўсты папяровы скрутак.
- Разбi яе, Джын, хутчэй! - ледзь не калацiлася Фiлiс, умольваючы сябра.
Аднак Джын адкалупваў кавалачкi воску спакойна i акуратна. Ды толькi ён адкаркаваў нарэшце бутэльку, як выявiлася, што дастаць з яе скрутак зусiм немагчыма, такi ўжо тугi ён быў. Тады прыйшлося ўступiць нецярплiвым просьбам сяброўкi i разбiць бутэльку малатком. Скрутак адразу ж разгарнуўся сам. Гэта быў стос танюткiх аркушаў, спiсаных дробным почыркам. Мова запiсаў была зямная - Джын валодаў ёй дасканала, бо некалькi гадоў вучыўся на Зямлi.
Але раптам Джына апанавала незразумелая трывога, i ён нiяк не хацеў пачынаць чытання рукапiсу ўголас. I каб не просьбы ўзбуджанай Фiлiс, якая дрэнна разумела зямную мову i не магла, як нi жадала, прачытаць рукапiс сама, ён, магчыма, так i не адкрыў бы сяброўцы тайну гэтых запiсаў, што так выпадкова трапiлi iм у рукi.
Джын зменшыў памеры ветразя да мiнiмуму, каб яхта павiсла ў прасторы, упэўнiўся, што вакол няма нiякае небяспекi, i, выпрастаўшыся побач з Фiлiс, пачаў чытаць.
Раздзел II
"Я давяраю гэты рукапiс космасу не дзеля таго, каб паклiкаць некага на дапамогу, а спадзеючыся адно на тое, што змагу прадухiлiць жудасную пагрозу, якая навiсла над родам чалавечым. Няхай бог злiтуецца з нас!.."
- Пагрозу над родам чалавечым? - здзiўлена спыталася Фiлiс.
- Але, так тут напiсана. Не перапыняй мяне больш, - сказаў Джын i пачаў чытаць далей.
"...Што ж да мяне, Улiса Меру, то я са сваёй сям'ёю на борце касмiчнага карабля, дзе мы зможам жыць яшчэ доўгiя гады. У нас ёсць агарод, сад, жывёла. Мы нi ў чым не адчуваем недахопу. Магчыма, калi-небудзь мы знойдзем якуюсьцi гасцiнную планету. Але пакуль што гэта толькi мара. А зараз я праўдзiва i падрабязна раскажу ўсё, што са мною здарылася.
