Наперадзе iшлi паляўнiчыя, усе гарылы. Я заўважыў, што яны без зброi, i ў душы ў мяне зацеплiлася надзея. За стралкамi да нас кiравалiся слугi i загоншчыкi, сярод якiх, апроч гарыл, было прыблiзна столькi ж шымпанзэ. Стралкi трымалiся вяльможна, быццам сапраўдныя арыстакраты. Яны былi ў цудоўным гуморы i, вiдаць, не мелi да нас нiякiх благiх намераў.

Нялёгка мне было прывыкнуць да ўсiх парадоксаў гэтай планеты, каб напiсаць падобную фразу, не задумваючыся над яе недарэчнасцю! Толькi ж менавiта так усё i было! Гарылы выглядалi сапраўднымi арыстакратамi. Яны весела перагаворвалiся на незразумелай, але досыць выразнай мове, а мiмiка iх перадавала ўсе адценнi чалавечых пачуццяў, сляды якiх я так марна спрабаваў адшукаць на твары ў Новы.

Што да сарорскай прыгажунi, дык я нават не ведаў, што з ёю. Пры адным толькi ўспамiне пра крывавую прасеку мяне праймалi дрыжыкi. Цяпер я ўжо разумеў, чаму так усхвалявалася Нова, убачыўшы нашага шымпанзэ. Тут, мусiць, людзi i малпы люта ненавiдзелi адны адных. Я канчаткова ў гэтым пераканаўся, калi ўбачыў, як паводзяць сябе палонныя пры малпах, што наблiжалiся да iх. Яны сутаргава тузалiся, падскоквалi на карачках, раз'юшана скрыгаталi зубамi i з пенаю на вуснах грызлi вяроўкi сеткi.

Не зважаючы на ўсю гэтую калатнечу, гарылы-паляўнiчыя - я злавiў сябе на тым, што называю iх панамi, - аддавалi загады сваiм слугам. На дарозе, дзе была расцягнута сетка, з'явiлiся даволi нiзкiя трактарныя прычэпы, на якiх стаялi клеткi. Вось у гэтыя клеткi нас i кiдалi - з разлiку тузiн на прычэп, i працягвалася гэта досыць доўга, таму што палонныя адчайна адбiвалiся. Дзве гарылы-слугi, нацягнуўшы тоўстыя скураныя пальчаткi, якiя засцерагалi iх ад укусаў, хапалi людзей аднаго за адным, вызваляючы з сеткi, шпурлялi ў клеткi i хутка засоўвалi дзверцы, а адна гарыла-пан кiравала iмi, нязмушана абапёршыся на трысцiну.



35 из 145