Калi чарга дайшла да мяне, я хацеў загаварыць, каб прыцягнуць да сябе ўвагу. Але толькi я разявiў рот, як гарыла-слуга груба зацiснула мне яго вялiзнай лапаю ў пальчатцы, падумаўшы, пэўна, што я збiраюся яе ўкусiць. З зацiснутын ротам не пагаворыш! Мяне, быццам якую торбу, кiнулi ў клетку, i я апынуўся ў кампанii дзесятка iншых мужчын i жанчын, яшчэ занадта ўзбуджаных, каб звярнуць на мяне ўвагу.

Нарэшце ўсе палонныя былi пагружаны, гарыла-слуга праверыла засаўкi на клетках i сказала нешта свайму гаспадару. Той махнуў рукою, i лес адразу ж напоўнiўся гулам матораў. Прычэпы тузанулiся i пакацiлiся за машынамi, падобнымi на нашы калёсныя трактары, кiравалi якiмi зноў жа малпы. Я добра разгледзеў кiроўцу, якi сядзеў за рулём трактара ззаду нашага. Гэта быў шымпанзэ ў сiнiм кабiнезоне. Напэўна, ён быў у выдатным настроi, бо адпускаў раз-пораз нам кплiвыя жарты, штосьцi напяваючы сам сабе: калi гул матораў зацiхаў, да мяне даносiлiся абрыўкi томнае мелодыi з даволi прыемным матывам.

Першы этап перавозкi палонных быў настолькi кароткi, што я нават не паспеў сабрацца з думкамi. Праз чвэрць гадзiны язды па вельмi дрэннай дарозе наш караван спынiўся на адкрытай пляцоўцы перад мураваным будынкам. Тут лес канчаўся, далей я ўбачыў толькi палi, засеяныя нейкай збажыною.

Дом з чырвоным чарапiчным дахам, з зялёнымi аканiцамi i шыльдаю над уваходам дужа выдаваў на вялiкi шынок. Я хутка скемiў, што гэта месца збору паляўнiчых. Тут слугi-шымпанзэ чакалi гаспадароў, якiя пад'язджалi на сваiх машынах, скарыстаўшыся, пэўна, другой дарогаю. Дамы-гарылы сядзелi гуртком у крэслах у цянi высокiх дрэў, якiя нагадвалi нашы пальмы, i бестурботна балбаталi. Адна пацягвала праз саломiнку нейкi напой.

Калi прычэпы выстраiлiся на стаянцы, дамы наблiзiлiся да iх i пачалi з цiкаўнасцю разглядваць здабычу i перш за ўсё дзiчыну падстрэленую, якую даставiлi сюды на двух вялiкiх грузавiках, - слугi-гарылы ў доўгiх фартухах выцягвалi трупы i складвалi iх пад дрэвамi.



36 из 145