У дзве тысячы пяцiсотым годзе я падняўся разам з двума маiмi старэйшымi таварышамi на борт касмiчнага карабля, каб даляцець да планет, над якiмi велiчна ззяе звышгiганцкая зорка Бетэльгейзе.

Гэта была смелая задума, сама грандыёзная з усiх, на якiя толькi калi-небудзь адважвалiся ў космасе зямляне. Зорку Бетэльгейзе, альфу Арыёна, як называюць яе нашы астраномы, аддзяляюць ад нашай планеты амаль трыста светлавых год. Зорка гэтая мае цэлы шэраг асаблiвасцей.

Перш за ўсё памеры: дыяметр яе пераўзыходзiць дыяметр нашага сонца ў чатырыста пяцьдзесят разоў, iнакш кажучы, калi б яна стала на ягонае месца, то распасцерлася б ажно да Марса.

Па-другое, сiла святла, бо Бетэльгейзе - зорка першага класа, сама яркая ў сузор'i Арыёна, бачная з Зямлi голым вокам, нягледзячы на велiзарную адлегласць.

Па-трэцяе, спектр выпраменьвання: нi з чым не параўнальныя ў надзвычайнай сваёй прыгажосцi чырвоныя i аранжавыя промнi.

I нарэшце, зорка гэтая - пераменнае яркасцi. Яна ўвесь час пульсуе, i iнтэнсiўнасць свячэння бесперапынна мяняецца ў залежнасцi ад змянення яе дыяметра.

Але чаму ўсё ж такi, калi было высветлена, што ўсе планеты Сонечнай сiстэмы ненаселеныя, абралi мы мэтаю першага мiжзорнага пералёту такую далёкую Бетэльгейзе? Рашэнне гэтае прыняў прафесар Антэль, галоўны арганiзатар, кiраўнiк i фiнансiст экспедыцыi. Ён сам стварыў праект нашага касмiчнага карабля, сам назiраў за яго пабудоваю. Свой выбар ён растлумачыў мне ў час палёту.

- Шаноўны Улiс, - сказаў ён, - палёт да Бетэльгейзе, па сутнасцi, зусiм не цяжэйшы i хiба што крыху далейшы, чым пералёт да любой блiжэйшай зоркi, напрыклад, да Проксiмы Цэнтаўра*.

* Цэнтаўр - вялiкае сузор'е паўднёвага паўшар'я зорнага неба, у якiм знаходзiцца сама блiзкая да Зямлi зорка - Проксiма Цэнтаўра.



5 из 145