
Але тут я рашуча запратэставаў, пахвалiўшыся набытымi нядаўна астранамiчнымi ведамi:
- Толькi крыху далейшы?! Да Проксiмы Цэнтаўра ўсяго чатыры светлавыя гады, у той час як да Бетэльгейзе...
- ...цэлых трыста, - перапынiў мяне прафесар, - не думайце, што я на гэта забыўся. Аднак да Проксiмы Цэнтаўра нам прыйшлося б ляцець амаль столькi ж цi толькi крышачку менш, чым да Бетэльгейзе, куды мы даляцiм праз нейкiя два гады. Вы не даяце мне веры, бо прывыклi да нашых мiжпланетных пералётаў, гэтых блышыных скачкоў, калi дапушчальнае максiмальнае паскарэнне доўжыцца ўсяго толькi некалькi хвiлiн, а крэйсерская хуткасць у параўнаннi з нашай смеху вартая... Час ужо, бадай, растлумачыць вам, як рухаецца наш зоркалёт. Дзякуючы ўдасканаленым ракетам, якiя мне ўдалося вынайсцi, наш касмiчны карабель здольны перамяшчацца ў прасторы з найвышэйшай хуткасцю, якую толькi можа набраць матэрыяльнае цела. Па сутнасцi, яна амаль роўная хуткасцi святла. А калi мы рушым з такой хуткасцю, наш час iстотна адрознiваецца ад зямнога, i чым хутчэй мы ляцiм, тым большая гэтая рознiца. Напрыклад, цяпер вось, пакуль мы гаворым, у нас у зоркалёце прайшло ўсяго толькi некалькi хвiлiн, а на Зямлi - некалькi месяцаў. Калi ж мы набяром гранiчную хуткасць, час для нас амаль спынiцца, хоць мы гэтага i не будзем заўважаць. Тады некалькi секунд для вас i мяне, некалькi ўдараў сэрца для вас i мяне будуць раўняцца многiм гадам жыцця на Зямлi.
- Разумею. Менавiта гэта дае нам надзею дабрацца да мэты раней, чым мы памром ад старасцi. Але чаму ў такiм выпадку нашае падарожжа зойме два гады? Чаму не некалькi дзён цi некалькi гадзiн?
- Якраз да гэтага я вас i падводжу. Усё вельмi проста: каб набраць максiмальную хуткасць, калi час амаль спыняецца, нам спатрэбiцца каля года, бо наш арганiзм проста не вытрымае большага паскарэння. I яшчэ год пойдзе на тармажэнне. Цяпер вы ўяўляеце графiк палёту? Год на паскарэнне, год на тармажэнне, а ў сярэдзiне ўсяго толькi некалькi гадзiн, але за гэтыя гадзiны мы пройдзем найвялiкшую частку нашага маршруту.
