Думаю, у вас не будзе больш пытанняў, чаму гэта пералёт да Бетэльгейзе зойме ў нас толькi крышачку больш, чым пералёт да Проксiмы Цэнтаўра. У апошнiм выпадку нам усё роўна прыйшлося б правесцi ў зоркалёце год, неабходны на паскарэнне, i яшчэ год - на тармажэнне, хiба што памiж iмi было б некалькi хвiлiн замест некалькiх гадзiн, як у нашым палёце. Рознiцы нiякай. Я ўжо старэю i наўрад цi змагу калi-небудзь яшчэ выправiцца ў такую экспедыцыю, таму i абраў далёкую мэту - спадзяюся адшукаць сусветы, якiя вельмi адрознiваюцца ад нашага.

Падобныя гамонкi дапамагалi нам бавiць вольны час, i пасля кожнай з iх мной апаноўвала ўсё большая павага да мудрасцi прафесара: не было ў навуцы вобласцi, яму незнаёмай, i мне заставалася толькi радавацца, што нашу рызыкоўную экспедыцыю ўзначальвае гэтакi эрудыт. Як i прадбачыў прафесар Антэль, дарога да Бетэльгейзе заняла два гады нашага ўласнага часу, за якiя на Зямлi прайшлi тры з паловай стагоддзi. У гэтай вось акалiчнасцi i быў адзiны недахоп такой далёкай экспедыцыi: калi нам нават i ўдалося б шчаслiва вярнуцца назад, то апынулiся б мы ўжо на планеце, якая пастарэла на семсот - восемсот гадоў. Але пра гэта мы пакуль што не думалi. Падазраю нават, што мажлiвасць збегчы ад свайго пакалення зямлян таксама вабiла прафесара. Ён часта прызнаваўся, што стамiўся ад людзей...

За ўвесь палёт у нас не было нiводнай сур'ёзнай непрыемнасцi. Стартавалi мы з Месяца. Зямля i ўсе астатнiя планеты хутка знiклi з поля зроку. Сонца iмклiва змяншалася, пакуль не ператварылася ў аранжавы шар велiчынёю з апельсiн, потым стала меншае за слiву i нарэшце зрабiлася маленькай зiхоткай кропкай, толькi адной з мiльярдаў зорак нашай галактыкi, распазнаць якiя ўдалечынi мог хiба што эрудыт Антэль.

Так што жылi мы без Сонца, але нiчога непрыемнага праз тое не адчувалi: на караблi было штучнае святло, эквiвалентнае сонечнаму. Не ведалi мы i нуды. Прафесара можна было слухаць гадзiнамi. Чаго толькi я не ўведаў за гэтыя два гады - больш чым за ўсё папярэдняе жыццё! Займеў я i неабходны вопыт у кiраваннi зоркалётам. Гэта было досыць проста: давалася заданне электронным прыборам, i яны самi рабiлi ўсе разлiкi i дакладна вызначалi курс.



7 из 145