
Багата радасцi прыносiў нам сад, якi займаў на караблi шмат месца. Апроч усяго iншага, прафесар Антэль цiкавiўся батанiкай i сельскай гаспадаркай i iмкнуўся праверыць некаторыя свае тэорыi развiцця раслiн у касмiчных умовах. Вопытным участкам была аранжарэя ў дзесяць кубiчных метраў. Дзякуючы шматлiкiм стэлажам аб'ём нашай аранжарэi выкарыстоўваўся цалкам. Грунт пастаянна абнаўляўся хiмiчнымi ўгнаеннямi, i ўжо праз два месяцы з дня адлёту на градках пачала спець на нашую радасць усялякая гароднiна, так што мы мелi здаровай свежай ежы колькi было трэба. Клапоцячыся пра карыснае, не забылiся мы i на прыемнае: адвялi адну секцыю аранжарэi пад кветнiк - прафесар даглядаў яго асаблiва дбайна. Гэты арыгiнал захапiў з сабою яшчэ i некалькi птушак, матылькоў i нават адну малпу, маленькага шымпанзэ, якога мы назвалi Гектарам, - гарэза бавiў нас усю дарогу.
Я зразумеў з нашых гаворак, што прафесар досыць скептычна ставiўся да людзей. Ён часта казаў, што людзi - iстоты, мякка кажучы, не зусiм iдэальныя, i, напэўна, менавiта таму ў велiзарным караблi, у якiм магла б спакойна размясцiцца не адна сям'я, была процьма ўсялякiх раслiн, некалькi жывёлiн i толькi тры чалавекi: сам Антэль, яго вучань Артур Левэн, малады фiзiк з вялiкай будучыняй, i я, Улiс Меру, малавядомы журналiст - прафесар пазнаёмiўся са мною, калi я браў у яго iнтэрв'ю. Ён прапанаваў мне прыняць удзел у экспедыцыi, даведаўшыся, што ў мяне няма сям'i i што я добра гуляю ў шахматы. Мне, журналiсту-пачаткоўцу, гэта была грандыёзная ўдача. Нават калi б удалося апублiкаваць рэпартаж толькi праз васемсот гадоў - а можа, менавiта якраз таму, што праз васемсот гадоў! - мой матэрыял быў бы ўнiкальны. Я з радасцю згадзiўся.
