
- І не затым ты сюды ехаў, каб трызненне маё слухаць. А колькі табе трэба - даць не магу, болей атрымліваецца. І машынка твая ўжо не працуе. Таму слухай, а што не захавае памяць твая, тое і не варта, каб помніць...
“Бач ты, і дыктафон заўважыла...”
- Не трэба думаць пра гэта... З мітусні ўзнік, у мітусню вернешся. А са мною чалавекам пабудзь. Смалі сваю папяросу, калі ўжо карціць. Мне дым тытунёвы не шкодзіць. Дым - агню след, каваля Жыжаля работа.
Раптам думкі Паўлючыхі зноў некуды адхіліліся, і пайшоў аповед пра нейкую прапрамаці:
- За нішто яе знішчылі... Усёй вёсцы дапамагала, нават птушак лясных умела слухаць. Я дык толькі свойскую жывёліну - парася, кароўку, сабачку... І зняславілі перад смерцю. Нельга, кажуць, каб вера ваша была - цяпер іншая вера. А як жа “іншая”, калі “вера”?! Як можна не верыць у тое, што існуе? Вы ўжо каторы раз і цэрквы перабудоўваеце, і абразы перавешваеце, а сонейка як грэла, так і грэць будзе, месік як свяціў, так і свяціць будзе, вятрыска як дзьмуў - то і да скону вякоў, агонь як гарэў, так і будзе - то там, то тут.
Нечакана старая захрыпела.
Кірыл кінуўся да яе, але Марфа Цімафееўна адмоўна варухнула
рукой:
- Сядзі. Нервеннае гэта ў мяне, супакоюся зараз.
І працягвала цішэй і спакайней:
- Ты, Кірыла Ягоравіч, зранку ў каморку зазірні, там за куфэркам на паліцы кніжка прыхавана. Усё ў ёй, што трэба, і знойдзеш. Потым сабе яе забяры, глядзі толькі, каб не бадзялася абы- дзе. А раптам самому непатрэбная стане, захоўвай, пакуль не перадасі таму, каму спатрэбіцца. А калі нікому не спатрэбіцца - аддасі таму, хто перад сконам да цябе з’явіцца. І не глядзі: стары- малады, дурны-разумны, свой-чужы, хворы-здаровы. Гэтай кнізе больш гадоў, чым роду чалавечаму. Т олькі літарамі напісалі яе пазней. І перажыве яна род чалавечы.
Т ам, у каморцы, і яечкі асеннія ляжаць, і мука, і здор, і мяса салёнае - на трызну па мне. Курэй рэжце - дзеля таго яны і жывуць. Чубатку не рэжце - няхай Сакаліха сабе возьме, усё роўна ў яе неслася. Толькі самагонкі няма. Дык выцягні з-пад куфэрка манетку - сабе пакінеш. Пойдзеш да Соні і купіш самагонкі - грошай тваіх хопіць. І казённага віна ў Галькі купі - маладыя любяць. Манетка па цяперашнім часе дарагая - і матацыкал набыць можна.
