Паўлючыха прыціхла і застагнала.

- Што, бабуля? Чым дапамагчы? Што зрабіць?

Старая павольна прыўзняла левае павека, затым - правае.

- Марна ўсё, Кірылка. Смертухна мая, Нава, побач з ложкам стаіць, Лядашчык прывёў. Здаецца, пра дзяцей маіх спытаць хочаш? Ёсцека, як не быць, калі бабай урадзілася! Дачка на хімзаводзе на Берасцейшчыне, у капераціве жыве. Бачу, што пагуляць хацеў бы, выпіць, можа. Але няма ў мяне, не трымала ніколі

- толькі галаву Пераплут туманіць. Ты пасядзі ўжо са мной, каб не адной паміраць. Чаю папіў - лезь на печ. І не палохайся, калі нежывую мяне раніцай убачыш - жуда пасля скону майго настане. І няма ў тым маёй віны - злуюцца багі, калі ім веры няма.

- Бабуля, можа, я лепш у каморцы кнігу пашукаю? Пачытаў бы.

- Рабі, што кажу. Памру - пачытаеш. А цяпер не зможаш ты, не адолееш. Уключы радзіва, паслухай. Мне не перашкодзіць: балбоча - і хай сабе. А я за цябе слоўца скажу. Гірку на гадзінніку падцягні.

- Падцягнуў ужо .

- Вазьмі качаргу. Вугелле ў печцы параскідай.

Градоўскаму і насамрэч карцела збегчы з пахілай панурай хаты, прайсціся па вёсцы, пагутарыць з кім яшчэ. У прынцыпе ўсё, што тут можна было вывудзіць, - вывудзіў, а самае галоўнае - ён, здаецца, пранікнуў унутр, “адчуў атмасферу’. Загаловак кшталту “Апошняя споведзь вядзьмаркі” даваў раздольнае поле для фантазіі і дарыў надзею на вялікую колькасць чытачоў, якія на яго клюнуць. Нядрэнна было б ухапіць тое-оёе са знешніх дэталяў. Але была палова дзесятай: пазнавата для праменадаў, ранавата для сну. Да таго ж карэспандэнт не адважваўся не выканаць жаданне знахаркі. Тым больш на вуліцы сыпаў ліпкі снег.



11 из 200