Кірыл накінуў на плечы дублёнку і падаўся да дзвярэй.

- Не, унучак, пачакай. Яшчэ аб адным забыла папярэдзіць: як думкі млосныя мучыць будуць і Закуцце пры гэтым успамінацца, прыязджай на Дзяды да мяне - сыдзе ўсё, як лёд з рэчкі. А цяпер запалі ў печы. Жыць сцюдзёна было - можа, хоць памерці ў цяпле паспею.

І заспявала тоненькім галаском:

- Пройдуць халады, чакай лебяды.

Кірыл бразнуў клямкай, а калі вярнуўся, каб падпаліць у печы, Марфа Цімафееўна ўжо знерухомела.

Суседкі, бабка Сакаліха і Соня, як толькі ўвайшлі, адразу дзяжурна загаласілі, хоць па дарозе з імпэтам запэўнівалі Кірыла, што Марфа, “здаецца, і не пакрыўдзіла нікога, але вядзьмаркай была, і грошай у яе, напэўна, шмат схавана”.

Як сказаў ім Градоўскі, што абяцаў дапамагчы Марфе трызну справіць, здзівіліся адразу, а пасля махнулі рукой на дурня гарадскога

- хай сабе так, можа, там у іх грошы з неба сыплюцца - і адаслалі да Галькі са спісам, у якім было ўсё пазначана: колькасць, вага, цэны.

Па дарозе Кірыл напаткаў учарашняга правадніка Мішку Корыча з сябруком, аднарукім Віцькам Шуляком па мянушцы “Душман” - па вёсцы боўталіся. Абодва на такім падпітку - пусці- павалюся! Даведаўшыся, што памерла Паўлючыха, не засмуціліся, а ўзрадаваліся перспектыве прадоўжыць разгул.

Зайшоў да Сашкі-брыгадзіра. Той усё ўспрыняў годна, як і належыць прадстаўніку ўлады: тут жа знайшоў людзей дол выкапаць. Потым пазваніў у Дзежынскі сабес, каб заказалі труну назаўтра, і дамовіўся, што сам на кані падскочыць па яе ў Рудню. А восб з хімзаводам, дзе дачка Марфы працавала, звязацца так і не змог.

.Кірыл намерваўся пашнарыць у каморцы, ды ўсё абёмныя кабеты ўваход перагароджвалі: цягалі прадукты, пералічвалі. А як на вочы трапляўся - ураз і яму справу знаходзілі: то па ваду пашлюць, то па дровы, то за мясарубку пасадзяць. Курэй секчы адмовіўся - абсмяялі, але адчапіліся. Сакаліха чубатку да сябе занесла, хоць і бурчэла нешта пад нос. Так і швэндаўся Кірыл Ігаравіч Градоўскі туды-сюды. Толькі калі выходзіў, Паўлюкоў кажушок надзяваў, свой бярог. Цеснаваты кажушок, праўда.



17 из 200