
- Ну, хадзiў...
- Хiба тады яна не адкрыла табе сакрэт, пра якi, дарэчы, ведала ўсё бюро? Ну... пра тое, што яна пакахала другога?
- Ну, дапусцiм...
- У такiм выпадку больш пытанняў у мяне няма.
Жэром глядзеў на свайго сябра з той трыумфальнай усмешкай, з якой атлет прымае апладысменты, бразнуўшы аб памост узятую штангу.
- Пачакай, а далей... - не мог уцямiць Жан.
- А далей усё проста: Дэнiза пасылае цябе на ўсе чатыры, ты выходзiш на вулiцу i кiдаешся пад колы першага сустрэчнага аўтамабiля...
- Ах ты, iдыёт! - захрыпеў Жан. - Ты што, забыўся, што я сам амаль чатыры месяцы толькi i думаў, як парваць з ёю! А Дэнiза мне толькi аблегчыла ўсё... Яна...
- Пачакай, Жан! Ты мне нiколi не гаварыў пра свой намер.
- Толькi таму, што я чалавек сцiплы i выхаваны!
- Ну, ведаеш...
- Паслухай, Жэром, павер мне: сёмага снежня, як я iшоў ад Дэнiзы, я быў самы шчаслiвы чалавек на зямлi, я быў...
- I таму ты вырашыў кiнуцца пад машыну?
- Ды нiкуды я не кiдаўся, - зароў Жан. - Паслiзнуўся, страцiў раўнавагу вось i ўсё!
Жэром хiтра ўсмiхнуўся, даючы зразумець, што такога чалавека, як ён, не так проста абвесцi вакол пальца.
- Цудоўна! Генiяльна! - сказаў ён. - Толькi вось сведкi на гэты конт маюць iншую думку. "Гэта быў свядомы ўчынак чалавека, якi страцiў усялякую надзею i ўпаў у адчай", - вось што ў адзiн голас паўтараюць сведкi.
Жан ужо не мог больш трываць.
- Якiя сведкi?! Што ты мелеш? А Дэнiза? У яе вы спыталiся? Яна што, не магла растлумачыць?..
- Вось яна нам i растлумачыла, што чалавек ты звышадчувальны, тонкi, далiкатны i што яна дарэмна не патурбавалася, каб прыняць пэўныя меры перасцярогi.
Тая частка Жанавага твару, што вiднелася з-пад бiнтаў, пакрылася потам. Ён задыхаўся. У вачах з'явiлася штосьцi дэманiчнае.
- Вось што я табе скажу: я нiколi не кахаў i не кахаю Дэнiзу! Я ненавiджу яе! Няхай мне яе на талерачцы прынясуць, голенькую, i я скажу: "Не". Яна распаўнела! Нiякага выгляду не мае! Зубы дрэнныя! Ходзiць, як качка! Апранацца не ўмее! Пазногцi i то дагледзець не можа!
