
- Месьё Маландрэн, але ж я нiкога не кахаю i, паверце, вельмi даражу сваiм жыццём.
- Мiлы мой, - не супакойваўся Маландрэн, - мне сорак сем гадоў. Але i я калiсьцi быў малады. I я скажу вам шчыра: я разумею вас. На вашым месцы я зрабiў бы тое самае. Ведаеце, толькi сапраўдныя мужчыны i могуць запалiць агонь высокiх пачуццяў!
Пасля ранiшнiх дэбатаў з Жэромам цяжка было Жану падтрымлiваць гаворку. I ўсё ж ён паспрабаваў не пагадзiцца з шэфам:
- Гэты самы звычайны няшчасны выпадак. Нiякiм самазабойствам тут i не пахне...
Месьё Маландрэн па-бацькоўску ўсмiхнуўся.
- Вы цудоўны чалавек, Жан. I ваша сцiпласць робiць вам толькi гонар. Я вельмi цаню вас, i, ведаеце, я сёння прасiў месьё Мурга падумаць пра больш высокую пасаду для вас.
- Дзякую, месьё Маландрэн, паверце, я...
- Нiчога, нiчога, дарагi. Давайце вашу руку i хутчэй папраўляйцеся! Вы чалавек маёй натуры. Мне прыемна мець справу з тым, хто разумее мяне з паўслова.
I месьё Маландрэн пацiснуў тое, што было два днi назад Жанавай рукой, а цяпер стала гiпсавай трубою.
Цяжкi одум апанаваў маладога чалавека, калi ён застаўся адзiн. Спачатку яго раздражняла тое, што i Жэром, i Маландрэн далi такое рамантычнае тлумачэнне ягонай бядзе. Ну, а Дэнiза, тая, вядома, заганарылася: як-нiяк з-за яе чалавек кiнуўся пад машыну. О! Яна вялiкая артыстка i ахвотна возьме на сябе ролю вераломнай жанчыны-фаталiсткi, што ўпiваецца каханнем i прымушае трапятацца кожнага мужчыну! Напэўна ж, яна цяпер выхваляецца, называе мяне "мой бедненькi", носiць свае штучныя самацветы ў даўнейшай аправе i не шкадуе памады, тушы, фарбы! Якое глупства! Я ж нiколi не кахаў яе! Парваць з ёю вырашыў яшчэ тады, калi ёй i не снiлася пра гэта! А цяпер вось стаў прагнаным пакрыўджаным рыцарам! I ўсе нябось лiчаць, што я - ахвяра, я - выцiснуты лiмон, я - цацка, якую капрызнае дзiця шпурнула пад канапу!
I тым не менш пасля размовы з Маландрэнам штосьцi пахiснулася ў пазiцыi Жана.
