
Дрэнна спалася ў тую ноч Жану. Яму ўсё снiлася нейкая велiзарная чорная малпа, якая паўтарала Жанавы словы, жэсты i, нарэшце, заняла яго месца ў бюро...
Назаўтра апоўднi завiтала маладая прыгожанькая балбатлiвая сакратарка з iх бюро.
- Гэта так хораша, што вы пайшлi на такое! - прашчабятала яна, чырванеючы. - Скажыце, вы вельмi кахалi яе?
Жану стала не па сабе. Ён хацеў яшчэ раз растлумачыць, паставiць усё на месца, разважаць, але сiл i мужнасцi яму ўжо бракавала, i ён адвярнуў галаву ўбок.
- Ах! Каб жа гэта ўсе мужчыны былi такiя, як вы! Скажыце, вы шмат пакутавалi?
Жан акiнуў яе позiркам. Яна з трывогай чакала адказу. Яна баялася расчаравацца. I Жан пашкадаваў яе:
- Гэта было вельмi страшна.
- Ну, а... пад машыну... Вы адразу рашылiся?..
- Так... не... ну, ведаеце, у такi момант не думаеш...
I ён змоўк. Агiдна стала на душы ад уласнай хлуснi i гэтай незаслужанай увагi.
- Дзякуй вам! Калi глядзiш на такiх мужчын, як вы, зноў пачынаеш верыць, што ёсць-такi каханне на свеце!
- Не будзем больш пра гэта, - сцiпла сказаў Жан. I ашчаслiўленая сакратарка выйшла з пакоя...
Калегi не пакiдалi ў самоце Жана. Штодня абавязкова хтосьцi заходзiў, i кожны перш-наперш спяшаўся засведчыць сваю павагу да рыцарскага ўчынку хворага. Па пошце прыйшлi дзве ананiмныя запiскi, якiя парадавалi i сагрэлi Жанава сэрца:
"Як бы мне хацелася, каб мяне пакахалi так, як кахаеш ты". Подпiс: "Незнаёмая бландзiнка".
