
З майстэрнi Мастак звольнiўся. Ён працаваў дома, шмат пiў, шмат выстаўляўся, больш таго - яго заўважылi за мяжою, некалькi карцiн купiлi пасля выставы.
Пасля нараджэння Анёла прайшло каля чатырох гадоў. Маленькi горад i агульныя справы неаднойчы зводзiлi Мастака i Рэстаўратара, але пра пачуццi свае ён болей не загаворваў - пытаўся пра дзяцей, пра навiны, але суха, змрочна, падсвядома асцерагаючыся, каб не адкрылася даўняя душэўная рана, не вярнулася вар'яцтва. Можа, яшчэ i таму хаваў ён пры сустрэчах вочы, што тая, якую раней называў адзiнай i самай жаданай у свеце, неўзабаве стала бабуляю, крыху распаўнела i, па дзiўным законе прыроды, напаследак расцвiла: стала духмяная i белая, быццам тыя гронкi акацыi, пра якiя ён любiў спяваць у добрай кампанii.
А Мастак восенню ўзяў ды памёр. Не хварэў, не ляжаў у бальнiцах, хоць здароўем асаблiвым i не вызначаўся, упаў сярод вулiцы - i не стала яго на зямлi. Iнсульт, iнфаркт - якая табе рознiца, чытач.
На пахаванне прыйшло многа людзей. Прыйшла i Рэстаўратар, з сяброўкай. Была яна бляднейшая, чым звычайна, але трымалася малайцом, як заўсёды, хаваючы ўсё ў сабе: ёсць такая парода людзей, незразумелых антыподам.
Развiтанне вырашылi зрабiць на вулiцы, i труну вынеслi з кватэры, паставiлi на дзвюх лаўках перад пад'ездам.
Анёл, якi прыйшоў дапамагчы бацькавай душы, стаў, нябачны, у галавах. Ён мог лёгка вылучыць з агульнай аўры журбы думкi i пачуццi кожнага - чуў i зацiкаўлены шэпт двух калег нябожчыка, якiя вырашалi, цi дастаткова куплена гарэлкi для памiнак, i нечую паскудную думку пра ўдаву зафiксаваў, але ўся яго ўвага была звернута на мацi.
