Яна стаяла крыху воддаль, каля стаптанай клумбы, сяброўка непрыкметна падтрымлiвала яе пад локаць. Пасля, калi нехта з арганiзатараў пахавання прапанаваў развiтацца, анёлава мацi рашуча падышла ён упершыню ўбачыў яе так блiзка, побач, - пацалавала Мастака ў вусны i заплакала. Сяброўка адвяла яе ўбок, нешта зашаптала на вуха, але мацi сказала: "Няхай... Я паеду на могiлкi".

I пакуль аўтобус з жалобнай паласой пылiў сярод лавандавых палеткаў, якiя так любiў Мастак i якiя неяк жартаўлiва ахрысцiў "пашай Анёлаў", нябесны сын яго заставаўся каля нябожчыка, i думкi яго былi пра дзiўнае, незразумелае чалавечае быццё.

Вось бацькi яго. Пры жыццi бацькi нават нiводнага разу не пацалавалiся. А яны прыродай былi ж створаны адно дзеля аднаго. Не здолелi пераступiць цераз чалавечыя законы... I вось - раз'яднаныя назаўсёды. Шкада. Так недарэчна. Абсурдна... Няма парадку на зямлi. Не было i нiколi не будзе, бо чалавек трыста разоў несвабодны. Ён трыста разоў звязаны законамi, нормамi, умоўнасцямi, ён трыста разоў нявольнiк i нiкчэмнасць, але ён жа - дзiўна, дзiўна - i Бог па сутнасцi сваёй.

Анёл не зазiраў у матчыну душу - гэта яе, усё яе. А што ёсць там святло i што было яно ў бацькавай душы, дык само яго нараджэнне - выдатнае таму сведчанне. Не кожны дзень у спiрытасферы з'яўляюцца Больш Дасканалыя Структуры, а кажучы прасцей, не кожны дзень нараджаюцца Анёлы.

I смутку Анёл асаблiвага не адчуваў, бо там, у свеце Абсалюту, няма пачуццяў i эмоцый у звычайным зямным разуменнi.

- Не пакутуй так, не трэба, - прыгалубiў ён бацькаву душу. - Усё пройдзе. Праз сорак дзён супакоiшся.

У перакладзе з нябеснай на зямную мову ён шкадаваў аб няведаннi людзей, асаблiва гэтых, родных, што стварылi яго, iстоту найвышэйшага парадку.



11 из 12