У кропцы iх злiцця загарэлася воблачка кварка-глюённай плазмы жамчужна-пяшчотнае, маленькае, радасна-патрэбнае Спiрытасферы i Абсалюту ўвогуле, больш таго - патрэбнае ўсёй светабудове. Гэта быў акт нараджэння Больш Дасканалай Структуры, якую спiрытасфера мусiла яшчэ выняньчыць i выгадаваць, у якой на зямных мовах сто iмёнаў, у тым лiку i ласкавае - Анёл.

Не звярнула ўвагi на гэту неардынарную з'яву i душа Георга Вiльгельма Фрыдрыха Гегеля, якая па-ранейшаму сузiрала самую сябе на панелi сонечнай батарэi арбiтальнай станцыi i па-ранейшаму крыху перашкаджала спецыялiстам Цэнтра кiраўнiцтва палётам.

Ранiцаю Мастак як на крылах паляцеў у Майстэрню. Яго любая была на месцы: такая хатняя, усмешлiвая, быццам i сапраўды жонка, удзячная за нечаканую праяву маладога кахання.

- Божа мой, як я па табе засумаваў! - выдыхнуў ён.

Не адважваючыся наблiзiцца, дакрануцца, ён загаварыў, i яго палкае трызненне было, як заўсёды, крыху бязладнае. Мастак заклiнаў i крыўдзiўся, спрабаваў пераконваць i тут жа, спалоханы, што яго няправiльна зразумеюць, пачынаў немаведама за што прасiць прабачэння. Калi ён стаў выстройваць складаную лагiчную канструкцыю наконт таго, што баiцца нашкодзiць ёй, што магчыма, заняў нейкае месца ў яе жыццi i гэта, магчыма ёй перашкаджае, Рэстаўратар раптам перапынiла яго:

- Нiякага месца ў маiм жыццi вы не займаеце.

Ён змоўк на паўслове, быццам бег з усяе моцы i раптам грымнуўся аб сцяну, што невядома адкуль з'явiлася на дарозе.

- Амаль усе людзi хлусяць, - нечакана дадала яна, маючы на ўвазе цi то яго любоўнае трызненне, цi то свае жорсткiя словы.

Мастак, прывучаны жыццём заўсёды разлiчваць на горшае, вiнавата прамармытаў нешта i выйшаў з пакоя.



9 из 12