Ён успомнiў па асацыяцыi загадкавае i па яго разуменнi бессэнсоўнае сцвярджэнне, што шлюбы здзяйсняюцца на нябёсах, i горка ўсмiхнуўся.

"Вось. Каторы раз вяртаюся з нябёсаў, а якi сэнс?! Усё, на жаль, адбываецца тут, на зямлi. Па волi выпадку, з-за тугi маладога цела, хвiлiннага захаплення. Якiя там палавiнкi душы, iх з'яднанне... Усе гэтыя палавiнкi нейкi час таўкуцца на кiрмашы жыцця, а пасля знiкаюць. Пачкамi, натоўпам. I няма iм радасцi i там. I выратавання няма..."

- Пасажыр, мы прыляцелi.

Далей усё пайшло аўтаматычна: багаж, прыпынак тралейбуса, чаканне, сам тралейбус, дом, сям'я, рытуал сустрэчы, вячэра, вячоркi перад талевiзарам, нарэшце, спальня...

Але ўвесь час, пакуль адбывалiся гэтыя дзеяннi, Мастак неадчэпна думаў пра сваё позняе i нейкае, як i ўсё яго жыццё, безнадзейнае пачуццё.

Хто ведае, калi гэта пачалося?..

Ён доўга жыў сам па сабе, меў зносiны з навакольным светам толькi па патрэбе i наiўна лiчыў, што добра ведае яго, ну а жанчын - тым болей: пустыя, хлуслiвыя, крывадушныя; яшчэ горш, калi Бог дадаў у гэты вiнегрэт крыху розуму цi характару. Як нi дзiўна, ён шкадаваў iх, як шкадаваў дзяцей i звяроў, адчуваў патрэбу ў iх, бо асабiстае жыццё яго не склалася, i адначасова пазбягаў.

Вось такi ён прыйшоў у Майстэрню, дзе сустрэўся з светласкураю жанчынаю-рэстаўратарам, разумнаю i начытанаю, з задавальненнем гаварыў з ёю на розныя тэмы i, як i многiя iншыя, лiчыў яе "сваiм хлопцам". Разам палiлi, пiлi каву... Пазней, праз паўгода, яна з'ехала ў доўгую камандзiроўку. Ён засумаваў, але сапраўднай прычыны сваёй душэўнай тугi не зразумеў, бо iх, гэтых прычын, заўсёды было шмат. Тыднi праз тры яна патэлефанавала з далёкага горада (здаецца, ён нешта прасiў купiць, проста так, як просяць многiя, - каб сябры не забывалi), i ён задыхнуўся, пачуўшы яе голас, а вусны яго раптам самi па сабе загаварылi ў слухаўку забытыя словы: каханая! Родная! Адзiная!



4 из 12