
Потым яна вярнулася з камандзiроўкi, i пачалася новая фаза iх адносiн - на жаль, без якiх-небудзь звычайных у такой сiтуацыi дзеянняў.
Гэта былi размовы, у якiх Мастак адразу заблытваўся, як у завеi, часцей за ўсё яго маналогi, з якiх яна выбiрала сказ цi слова i нешта адказвала, а калi ён нарэшце прыстасаваўся да яе манеры зносiн i стаў пiльна ўзважваць кожнае слова i фразу, вяртаючыся да iх, Рэстаўратар аднойчы заявiла: "Вы выдзiраеце з размовы асобныя кавалкi".
Сказанае i нясказанае, пачутае i непачутае ў адказ тоўпiлася цяпер у яго ўзбуджанай памяцi, загаралася, апякала то надзеяй, то болем, часцей болем, занадта часта:
"Я не магу без цябе, разумееш?!"
Маўчанне.
"Паслухай. Нехта ж павiнен гаварыць табе вар'яцкiя словы, цалаваць вочы, цалаваць тваю скуру, каб яна не звяла".
Агульныя словы - i камяк у горле, i няма чым дыхаць.
"Тое, што душа прачнулася, - не бяда. Але яна абудзiла i гэтае нiкому не патрэбнае цела. Разумееш, ёсць туга, самота цела. Яно раптам успомнiла, што яно таксама жывое. Не, не - я не дамагаюся цябе. Хоць i не хачу падманваць: няма ў свеце жанчыны, жаданай больш за цябе".
Маўчанне.
"Няхай пакахае з лiтасцi, з мiласэрнасцi. Яна ж добрая. Яна абавязкова пашкадавала б чужое заплаканае дзiця... Гордасць? Пляваць. Я мiлаваў бы яе так, я знайшоў бы такiя словы... не ведаю цяпер - якiя, але ранiцай яна не змагла б пражыць без мяне нi хвiлiны".
"Ты пазбягаеш мяне". - "Я не пазбягаю, я бягу ад вас". - "Не збягай так хутка. Не знiкай назаўсёды. Ну, знiкнеш ты. А потым раптам адчуеш, што я патрэбны табе. I прыйдзе твая чарга пакутаваць, разумееш?! Я не хачу гэтага..."
Маўчанне.
"Што здарылася, родная? Чым я цябе напалохаў, адштурхнуў? Чым пакрыўдзiў? Няўжо можна пакрыўдзiць каханнем? Я ж ведаю, адчуваю - я не чужы табе. Чаму ты так балюча б'еш - кожны раз наводмаш? Мы ўжо не маладыя, адзiная мая. Ты не хочаш пра гэта думаць? Ты адчуваеш сябе вечнаю i юнаю? Цудоўна! Менавiта такою я i бачу цябе. I ўсё ж такi ўявi: а раптам я апошнi, каму ты па-сапраўднаму патрэбная?! А можа, наадварот - першы?"
