
Маўчанне.
"Растлумач мне толькi адно: чаму? Чаму ты не можаш адказаць на маё пачуццё? Ёсць дзве прычыны, памiж якiмi бездань. Або я не любы табе, чалавек з натоўпу, iнакш кажучы, Чужы. Скажы гэта - i я знiкну з твайго жыцця. Або iншае: ты не вольная, лёс абставiн, безнадзейнасць нашых адносiн, боязь, што яны могуць нашкодзiць нашым дзецям".
Маўчанне.
Мастак выйшаў на лоджыю, запалiў.
Цёплыя нябёсы, з якiх ён дзве гадзiны таму вярнуўся, дыхалi ледзь чутным водарам квiтучай лаванды. Там, за дамамi, яе цэлыя палеткi. Ён адразу ўявiў, як напiсаў бы Яе, голую, у свiтальных промнях сонца, сярод бэзавай смугi суквеццяў - яна лунае ў гэтым адчувальным i адначасова эфiрным тумане. Не, не лунае, - падумаў Мастак, успомнiўшы яе манеру адзявацца, усю яе постаць. - Не, лунаць на карцiне яна не можа, бо нi дух яе, нi яе сарамлiвае цела не створаны для гэтага. Яна - зямная, таямнiчая. На карцiне яе цела будзе вырастаць са сцяблiн, прадаўжаць iх, а грудзi - вось што будзе лунаць! - будуць збiраць залацiстымi ад пылку саскамi, - вось яны, пацяжэлыя вечаровыя пчолы, фiялетавы нектар.
Прывiд быў такi яркi, што Мастак застагнаў.
- Што з табою? - спыталася жонка, адарваўшы позiрк ад тэлевiзара, дзе iшоў дэтэктыў пра маёра Земана.
- Балiць... - неакрэслена адказаў Ён i прычынiў балконныя дзверы.
I зноў у памяцi замiльгалi блiкi яе ўсмешак, рэха слоў, водблiскi мiнулых думак.
"Жаданая мая... адзiная... Я так баюся слоў, хоць ты, напэўна, лiчыш мяне пустым балбатуном. Што адбываецца? Ты ўжо не збягаеш - ты пазбягаеш мяне, быццам я... Я не разбуральнiк. Хай будзе сям'я. Твая, мая... Я згодны на ўсё. Кветка мая духмяная, восеньская мая... Мiльёны людзей на зямлi кахаюць адно аднаго па-за шлюбам..." Маўчанне.
